Праваахоўнікі прадухілілі спробу правядзеньня сустрэчы прадстаўнікоў крыміналу, паведаміла афіцыйная прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава.
«У выніку спэцапэрацыі ў Лідзе разагналі „сходку“ крымінальных аўтарытэтаў на чале са „злодзеем у законе“ Аляксандрам Кушняровым. Апэратыўнікі ў барацьбе з арганізавай злачыннасьцю МУС і байцы СОБРу затрымалі 32 чалавекі», — удакладніла прадстаўніца МУС.
Паводле яе, «дэлегаты» сабраліся дзеля перадзелу сфэраў уплыву ў крымінальных колах Беларусі і спробы Кушнярова ўмацаваць пазыцыі ў Горадзенскай вобласьці. На сустрэчы плянавалася прызначыць «сматрашчага» за некаторымі гарадамі рэгіёну, у тым ліку за Лідай.
Затрыманыя — прадстаўнікі крымінальнага асяродзьдзя з розных гарадоў Беларусі, іх узрост ад 22 да 60 гадоў. Большасьць прыцягвалася да адказнасьці за розныя злачынствы.
Гэта першая спроба арганізаваць сходку ў 2020 годзе, адзначыла Чамаданава. Апэратыўнікі мяркуюць, што яна зьвязаная з вызваленьнем з турмы іншага «злодзея ў законе» Паўла Алексяевіча, праціўніка Кушнярова.
Летась падобныя сходы спыняліся ў Менску, Бабруйску і Полацку.