Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа Ўцюрына»: пракурор просіць 7 гадоў няволі экс-дырэктару «Белтэлекаму», іншым — ад штрафу да 7,5 года


Сяргей Сівадзедаў на судзе, архіўнае фота

Вярхоўны суд Беларусі працягнуў 9 ліпеня разбор крымінальнай справы, вядомай як «справа Ўцюрына», распачаты яшчэ 10 сакавіка. Абвінавачаных у справе 16, іх вінавацяць у хабарніцтве пры пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня.

Як піша БелТА, пракурор запрасіў такія пакараньні:

  • Сяргею Сівадзедаву, былому генэральнаму дырэктару «Белтэлекаму», — 7 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады на 5 гадоў і канфіскацыяй 470 тысяч даляраў і 15 тысяч эўра, атрыманых як хабар. Яго вінавацяць у атрыманьні хабару паводле ч.3 арт.430 КК РБ. Максымальнае пакараньне паводле артыкула — 15 гадоў пазбаўленьня волі, але Сівадзедаў выканаў дасудовае пагадненьне, таму яму нельга прызначыць больш за палову ад максымальнага тэрміну.
  • Былым старшыні праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фэліксу Касьпяровічу і намесьніку кіраўніка галоўнага ўпраўленьня Нацбанку Андрэю Падгорнаму — па 7,5 года пазбаўленьня волі кожнаму. Іх вінавацяць у атрыманьні хабару на суму ня менш як 868 тысяч даляраў, яны прызнаюць віну, пайшлі на ўгоду са сьледзтвам.
  • Былому кіраўніку галоўнага ўпраўленьня плацежнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгіяў Нацыянальнага банку Ігару Кудасаву — 5 гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацілі ў даваньні хабару на сотні тысяч даляраў, ён не прызнаў віны.
  • Былому дырэктару інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юрыю Зданевічу — 7 гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацілі ў атрыманьні хабару на 82,5 тысячы даляраў, ён прызнаў віну.
  • Былому начальніку ўпраўленьня інфармацыйнай бясьпекі «Беларусбанку» Аляксею Мілаванаву — 6 гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацілі ў атрыманьні каля 27 тысяч даляраў хабару, ён прызнаў віну і кампэнсаваў 15 тысяч.
  • Былому дырэктару кампаніі «Мабільны сэрвіс» Уладзімеру Жыліну і былому кіраўніку кампаніяў «Салідэкс» і «Салідэкс ПІ» Сяргею Пакрышку — па 5 гадоў пазбаўленьня волі кожнаму. Іх вінавацілі ў даваньні хабару, Жылін прызнаў віну, Пакрышка не прызнаў віны.
  • Былому дырэктару IT-дэпартамэнту «БПС-Сбербанку» Юрыю Панамарову — 3 гады пазбаўленьня волі. Яго вінавацілі ў атрыманьні хабару на тысячы даляраў, ён прызнаў віну.
  • Прадстаўніку кампаніі «АМТ-груп Інтэрнэшнл» Міхаілу Прыгару — 3 гады пазбаўленьня волі. Яго вінавацяць у даваньні хабару, ён прызнаў віну і пайшоў на ўгоду са сьледзтвам.
  • Грамадзянам Расеі, прадстаўніку кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам» Уладзімеру Казанцаву і Віталю Гарбачову — па 2 гады пазбаўленьня волі кожнаму. Іх вінавацяць у даваньні хабару Сівадзедаву і Ўцюрыну. Гарбачоў прызнаў віну не ва ўсіх фактах даваньня хабару, Казанцаў віну прызнаў і пайшоў на ўгоду са сьледзтвам.
  • Прадстаўніку кампаніі «Мабільны сэрвіс» Аляксандру Броўку — 4 гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яго вінавацілі ў даваньні хабару, ён прызнаў віну.
  • Дырэктару кампаніі «ТТ-Сувязьтэлекам» Уладзімеру Томчанку — 3,5 года абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яго вінавацілі ў даваньні хабару Ўцюрыну, ён прызнаў віну.
  • Грамадзяніну Латвіі Сяргею Шаркову — штраф 135 тысяч рублёў. Яго вінавацяць у даваньні хабару Зданевічу, Касьпяровічу і Падгорнаму. Пасьля затрыманьня напісаў пяць явак з павіннай, удзельнічаў у «апэратыўных мерапрыемствах» адносна Мілаванава.

Раней стала вядома, што Андрэю Ўцюрыну пракурор прасіў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 14 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, пракурор просіць канфіскаваць ва Ўцюрына 192 тысячы даляраў ЗША.

Цяпер у судзе пачаліся выступы абаронцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG