Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засуджанага актывіста прафсаюзу РЭП Комліка амніставалі на адзін год, пра Фядыніча рашэньня няма


Ігар Комлік у судзе, 2018 год

Адзін зь лідэраў прафсаюзу РЭП Ігар Комлік расказаў сайту palitviazni.info, што адбываць пакараньне яму застаецца крыху больш за месяц.

«У крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Фрунзэнскага раёну мне паведамілі, што я трапіў пад дзеяньне закону аб амністыі і мне зьнялі год пакараньня», — сказаў Ігар Комлік.

24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менска асудзіў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Іх асудзілі паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: ухіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігар Комлік пачаў адбываць «хатнюю хімію» 19 сьнежня 2018 году, Генадзь Фядыніч — ад студзеня 2019-га.

У лістападзе мінулага году стала вядома, што Фядыніч і Комлік падпалі пад закон аб амністыі, прыняты да гадавіны вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэрмін пакараньня ім скарацілі на год.

Сёлета 22 траўня пачаў дзейнічаць закон аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем Перамогі ў вайне 1941–1945 гадоў. Ігар Комлік даведаўся, што трапіў пад дзеяньне і гэтага дакумэнту.

«З улікам таго, што ў жніўні 2017-га, калі пачыналася справа, я пэўны час знаходзіўся ў СІЗА, мне засталося адбываць пакараньне крыху больш за месяц. Паводле маіх падлікаў, „хатняя хімія“ павінна закончыцца 14 жніўня», — лічыць ён.

Са слоў Ігара Комліка, за час знаходжаньня ў такім рэжыме самае складанае было перажыць абмежаваньне ў зносінах з блізкімі.

«Калі правіламі адбыцьця пакараньня забаронена пагуляць у выходныя на вуліцы з унукамі, то гэта прыгнятала, — адзначае прафсаюзны актывіст. — Усё астатняе можна перажыць, усё ж „хатняя хімія“ — гэта не калёнія. Тым больш правяралі мяне ня так і шмат — можа, раз на два месяцы. Хоць кожны тыдзень трэба было адзначацца ў інспэкцыі».

Нягледзячы на тое, што «хатняя хімія» для Ігара Комліка заканчваецца, пэўныя абмежаваньні застануцца. Так, згодна з рашэньнем суду, ён ня мае права займаць кіроўныя пасады на працягу 5 гадоў.

Што тычыцца экс-лідэра прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, то пакуль ён не атрымліваў інфармацыю пра тое, што падпаў пад амністыю.

«Пакуль маўчаць, хутчэй за ўсё да 9 жніўня да гэтага пытаньня вяртацца ня будуць. Тры разы на тыдзень мяне цяпер правяраюць»,— расказаў Свабодзе Фядыніч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG