Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Бабарыкі: Казаць аб аб’яднаньні зь іншымі кандыдатамі яшчэ вельмі рана


Марыя Калесьнікава, каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі
Марыя Калесьнікава, каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі

Казаць аб магчымым аб’яднаньні былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі зь іншымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта «яшчэ вельмі рана», — заявіла падчас стрыму 8 ліпеня прадстаўніца яго штабу Марыя Калесьнікава.

«Па-першае, вельмі важна разумець, якія кандыдаты будуць у сьпісе 14 ліпеня — гэта дзень рэгістрацыі кандыдатаў, — падкрэсьліла яна. — Гэта праўда, мы цяпер маем зносіны зь некаторымі з штабоў. Гэтак жа як і вам, нам усім ёсьць што абмяркоўваць. Ва ўсіх нас скралі подпісы, нас усіх хвалюе тая несправядлівасьць, якая адбываецца, мы вельмі падтрымліваем адны адных. Мне здаецца, гэтая салідарнасьць, якую мы адчуваем ад іншых штабоў, калегаў, ад партый, зь якімі мы ніколі раней не размаўлялі, — гэта таксама вельмі важна. Яны нас падтрымліваюць, мы іх падтрымліваем. Гэта вельмі сымбалічна, што ў такі час у нас ёсьць сілы і магчымасьці згуртавацца і проста падтрымліваць адны адных».

На пытаньне, зь якімі кандыдатамі дакладна ня будзе аб’яднаньня, Калеснікава зноў сказала, што на яго «вельмі складана адказаць». «У нас як штаба Віктара Бабарыкі ёсьць свая праграма, свае вельмі выразныя і зразумелыя прынцыпы, для нас вельмі важна, каб наогул усе, з кім мы гутарым ці можам сабе ўявіць зносіны на гэтую тэму, нашы прынцыпы падзялялі. Спачатку мы чакаем 14 ліпеня, потым мы абмяркоўваем падабенства нашых прынцыпаў, ідэй і, галоўнае, канчатковай мэты. Толькі пасьля гэтага можна будзе казаць пра нейкае магчымае аб’яднаньне», — патлумачыла прадстаўніца штабу Бабарыкі.

Віктар Бабарыка ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Яго, а таксама яго сына і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня паводле падазрэньня ва ўчыненьні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачаньні, але адвакатам забаранілі паведамляць, паводле якім менавіта артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«Міжнародная амністыя» прызнала Бабарыку і яго затрыманых паплечнікаў палітычнымі вязьнямі.

Пэрыяд рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты пачаўся 5 ліпеня і працягнецца да 14 ліпеня. Выбары прэзыдэнта маюць адбыцца 9 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG