Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўлінг, Этвуд і Фукуяма падпісалі ліст супраць абмежаваньня дыскусіяў


Джоан Роўлінг
Джоан Роўлінг

Каля 150 літаратараў, журналістаў, навукоўцаў і грамадзкіх дзеячаў падпісалі адкрыты ліст з асуджэньнем абмежаваньняў адкрытых дыскусіяў і байкот публічных асобаў за выказваньне меркаваньня пра якуюсьці сацыяльную групу.

Сярод падпісантаў — аўтарка кніг пра Гары Потэра Джоан Роўлінг, пісьменьнік Салман Рушдзі, пісьменьніца Маргарэт Этвуд, філёзаф Фрэнсіс Фукуяма, журналістка і дасьледніца Эн Эплбаўм, шахматыст і грамадзкі дзяяч Гары Каспараў, лінгвіст Ноам Хомскі, публіцыст Фарыд Закарыя.

Аўтары ліста заўважаюць, што разумеюць імкненьне абаронцаў расавай і сацыяльнай роўнасьці і меншасьцяў забясьпечыць роўнасьць. Але пры гэтым, лічаць аўтары, ня варта ператвараць «ідэалы супраціву» у дагмат і прымус.

«У нашай культуры шырока распаўсюджваецца нецярпімасьць да супрацьлеглых поглядаў, ... тэндэнцыя глядзець на складаныя палітычныя пытаньні праз прызму чорна-белага мысьленьня, — гаворыцца ў лісьце. — Рэдактараў звальняюць за разьмяшчэньне супярэчліва ўспрыманых публікацый, журналістам не рэкамэндуюць асьвятляць некаторыя тэмы. Выкладчыкі трапляюць пад расьсьледаваньне за цытаваньне ў аўдыторыі літаратурных твораў, дасьледніка звальняюць за пашырэньне сваёй працы, якая раней атрымала прызнаньне акадэмічнай супольнасьці, кіраўнікоў арганізацый выганяюць за няўдалыя агаворкі», — гаворыцца ў лісьце.

У выніку, лічаць аўтары, «узьнікае самацэнзура пісьменьнікаў, дзеячоў мастацтва і журналістаў, якія баяцца за сваё жыцьцёвае становішча, калі яны адхіляцца ад агульнай лініі альбо хаця б будуць падтрымліваць яе недастаткова энэргічна».

«Шлях да перамогі над дрэннымі ідэямі палягае ў выкрыцьці, спрэчцы і перакананьні, а ня ў спробах прымусіць замаўчаць альбо выгнаць», — перакананыя аўтары ліста.

Камэнтуючы зварот, Бі-Бі-Сі заўважае, што адна з падпісантак, пісьменьніца Джоан Роўлінг нядаўна падверглася астракізму пасьля таго, як прапанавала, каб асобам, якія маюць праблемы са сваёй гендэрнай ідэнтычнасьцю, спачатку аказвалі псыхалягічную і мэдыкамэтозную дапамогу, перш чым прапаноўвалі апэрацыю па зьмене полу. Апанэнты ўбачылі ў словах Ролінг абразу трансгендэраў.

Таксама Бі-Бі-Сі паведамляе, што адна з аўтарак ліста, амэрыканская пісьменьніца і трансгендэрная актывістка Джэніфэр Фіні Бойлан, адклікала свай подпіс празь некалькі гадзінаў пасьля публікацыі ліста.

«Я ня ведала, хто яшчэ падпісаў гэты зварот, — сказала Бойлан. — Я думала, што падтрымліваю асэнсаваны, хаця і не зусім дакладна акрэсьлены выступ супраць ашальмоўваньня людзей у Інтэрнэце. Выбачаюся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG