Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія кампаніі прыпыняюць бізнэс у Ганконгу


Пратэст у Ганконгу супраць новага закону аб нацыянальнай бясьпецы. Людзі трымаюць пустыя аркушы паперы, 3 ліпеня 2020

Кампанія LinkedIn і сэрвіс відэаканфэрэнцый Zoom прыпынілі разгляд запытаў уладаў Ганконгу аб перадачы ім пэрсанальных дадзеных карыстальнікаў. Згодна з заявамі кампаній, гэта зьвязана зь неабходнасьцю вывучыць новы закон Кітаю аб нацыянальнай бясьпецы аўтаноміі.

Аналягічныя захады зрабілі і іншыя амэрыканскія карпарацыі, сярод якіх Facebook, Google і Twitter.

Сёньня, 7 ліпеня, пра сыход з рынку Ганконгу з прычыны новага закону аб нацыянальнай бясьпецы заявіў сэрвіс кароткіх відэаролікаў TikTok, які належыць кітайскай кампаніі ByteDance. У TikTok заявілі, што не жадаюць перадаваць дадзеныя ганконскіх карыстальнікаў на запыт кітайскіх уладаў.

Крыніцы Reuters сьцьвярджаюць, што TikTok быў стратны на рынку Ганконгу. У чэрвені кітайскія ўлады аштрафавалі сэрвіс за пагрозу асноўным каштоўнасьцям сацыялізму. Дзярждэпартамэнт Злучаных Штатаў заявіў, што разглядае магчымасьць блякаваньня TikTok у ЗША, бо інфармацыя пра карыстальнікаў можа трапіць у рукі КНР.

Новы закон аб нацыянальнай бясьпецы ў Ганконгу быў ініцыяваны Пэкінам і ўступіў у сілу 1 ліпеня. Дакумэнт прадугледжвае доўгія турэмныя тэрміны для абвінавачаных у сэпаратызьме і падрыве дзяржаўнай улады. Крытыкі закону адзначаюць, што ён фактычна спыняе дзеяньне свабодаў, якія Кітай абавязаўся падтрымліваць ня менш за 50 гадоў пасьля атрыманьня сувэрэнітэту над Ганконгам у 1997 годзе. Тады Кітай гарантаваў гораду шырокую аўтаномію ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю на Паўднёва-Кітайскім моры. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.

Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км² — гэта амаль у 190 разоў менш па плошчы за Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG