Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар праводзіць онлайн-фэст «Паўлінка на Купальле». ВІДЭА


Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы праводзіць першы музэйна-тэатральны онлайн-фэстываль «Паўлінка на Купальле». Фэстываль пачаўся сёньня, 6 ліпеня, а 20-й гадзіне і завершыцца 12 ліпеня.

Паўдзельнічаць у віртуальным фэстывалі можна па спасылцы. Ён даступны на трох мовах: беларускай, ангельскай і расейскай.

Відэасюжэты разьбітыя на тры тэматычныя часткі: «Папараць-кветка», «Паўлінка» і «Сьвята».

«Папараць-кветка»

Гледачам пакажуць экскурсію па Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала.

Акторка Купалаўскага Марта Голубева правядзе майстар-кляс па пляценьні купальскага вянка.

«Паўлінка»

Гледачам прапануюць зазірнуць у закулісныя лябірынты Купалаўскага тэатру і «пабачыць шматлікія купалаўскія таямніцы». Экскурсію па тэатры правядуць актрысы Зоя Белахвосьцік, якая выконвала ролю Паўлінкі з 1982 да 2000 году, і Крысьціна Дробыш. Яны раскажуць пра гісторыю тэатру, пакажуць бутафорскі цэх, грымёркі, пульт памочніка рэжысэра, патлумачаць, хто і як прымае ўдзел у стварэньні кожнага спэктакля, прадставяць унікальную падборку афіш «Паўлінкі» з 1913 па 2013 гады.

Тут жа можна будзе паглядзець спэктакль «Паўлінка».

«Сьвята»

У сюжэце «Лявоніха з Паўлінкай і Адольфам Быкоўскім» гледачоў навучаць танцаваць «Лявоніху». А таму, хто потым здыме і выкладзе самую хвацкую лявоніху ў сацыяльных сетках з хэштэгам #паўлінканакупалле, абяцаюць падарунак.

Аркестар тэатру зайграе выбраныя кампазыцыі са спэктакляў Купалаўскага.

У межах онлайн-фэсту «Паўлінка на Купальле» гледачы трапяць у студыю легендарнага калектыву «Песьняры», створанага музыкам Уладзімерам Мулявіным у далёкім 1969 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG