Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка Юры Несьцярэнка выдаў кнігу для дзяцей па-беларуску


Кніга Юрыя Несьцярэнкі "Чароўныя назвы"
Кніга Юрыя Несьцярэнкі "Чароўныя назвы"

Вядомы музыка, краяўзнаўца, пісьменьнік Юры Несьцярэнка дэбютаваў як дзіцячы аўтар: у менскім выдавецтве «Каўчэг» выйшла ягоная кніга для малодшых школьнікаў на беларускай мове «Чароўныя назвы».

Пад адной вокладкай сабраныя загадкі пра зьвяроў і птушак, дрэвы і кветкі, а таксама казкі і байкі, вершы і нават невялікія паэмы жартоўнага характару. Аповед вядзецца ад імя Дзеда Бялына.

Малюнкі для кнігі зрабілі дочкі Юрыя Несьцярэнкі — сямігадовая Саша і дзесяцігадовая Аня. Фатаздымкамі займалася папулярная выканаўца Вольга Акуліч.

Яшчэ да зьяўляньня накладу аўтар наладзіў шэраг сустрэчаў зь юнымі чытачамі ў Магілёве і Бялынічах: разам разгадвалі загадкі, паўтаралі лічылкі. Сямейны калектыў Несьцярэнкаў адмыслова перавёў у песьні шэраг вершаў з кнігі — «Лета», «Чорна-белыя сны», «Вось так апраналіся» ды іншыя.

Аўтар спадзяецца, што для «Чароўных назваў» знойдзецца месца ў школьных бібліятэках і дзіцячых садках.

Юры Несьцярэнка — літаратар, музыка, аўтар і выканаўца, стваральнік гуртоў Nestaryband і White Night Blues. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. У дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Бялынічы, туды пасьля шматгадовых вандровак вярнуўся і рэалізуе шэраг культурніцкіх праектаў. Скончыў Менскі інстытут культуры.

Перакладае з ангельскай, польскай, украінскай, расейскай моваў. Піша прозу, публіцыстыку. Творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Бярозка», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь» ды іншых. Выдаў празаічную кнігу «Звычайны шоў-бізнэс» і краязнаўчае дасьледаваньне пра родныя Бялынічы «Маё мястэчка ў часе і прасторы». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў

Адной з музычных неспадзяванак 2015 году стала прэзэнтацыя беларускамоўнай вэрсіі песьні «Сьнег» у выкананьні лідэра культавага расейскага гурта «Машина времени» Андрэя Макарэвіча.

Вынікам сумеснага праекту кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу Tuzin.fm «Глябальная перазагрузка» стаў запіс новай вэрсіі вядомай кампазыцыі на беларускай мове ў перакладзе Юрыя Несьцярэнкі. Перакладчык песенных хітоў пасьлядоўна заахвочвае замежных аўтараў паспрабаваць сябе ў сьпевах па-беларуску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG