Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабодная Эўропа — 70 гадоў


Першая студыя Радыё Свабодная Эўропа, Мюнхен, 50-я гады

4 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня першага выхаду ў эфір Радыё Свабодная Эўропа.

Radio Free Europe нарадзілася ў разгар «халоднай вайны» для вяшчаньня на краіны тагачаснага савецкага блёку — Баўгарыю, Вугоршчыну Польшчу, Румынію, Чэхаславаччыну. Першая перадача трансьлявалася з баварскага гарадка Лампэртхайм на чэскай мове. Неўзабаве пасьля гэтага пачалося будаўніцтва магутнага перадатчыка ў партугальскім курортным горадзе Глёрыя.

Супрацоўнікамі радыё «Свабодная Эўропа» сталі ўсходнеэўрапейскія эмігранты — журналісты, пісьменьнікі, публіцысты. Сваю задачу яны бачылі ў інфармаваньні аўдыторыі пра становішча спраў у сьвеце, пра палітычныя і эканамічныя праблемы, пра культурныя і навуковыя дасягненьні — гэта значыць пра ўсё, што ў краінах Усходняга блёку замоўчвалася або скажалася дзеля камуністычнай ідэалёгіі.

У 1976 годзе дзьве станцыі — Радыё Свабодная Эўропа і Радыё Свабода зьліліся ў адну і з тых часоў існуюць як адзіная карпарацыя, якая вяшчае на 23 мовах, з агульнай штаб-кватэрай у Празе.

«Пасьля падзеньня „жалезнай заслоны“ прайшло больш за 30 гадоў, зьмяніўся тэхнічны інструмэнтар, — кажа выканаўца абавязкаў прэзыдэнта мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэйзі Сіндэлар, — але праблемы ў аснове сваёй ранейшыя. Нашы калегі адданыя сваёй прафэсіі, і аўдыторыя адказвае нам даверам. Нават у вельмі складаных умовах мы клапоцімся аб дакладных навінах і даем прыклад незалежнасьці прэсы, што вельмі важна для тых, каму няма куды зьвярнуцца з расповедам пра свае праблемы».

Беларуская служба Радыё Свабода пачала вяшчаньне 67 гадоў таму, у траўні 1953 году, тады яна мела назву Радыё «Вызваленьне».

Фінансаваньне РСЭ / РС ажыцьцяўляецца праз гранты Кангрэсу ЗША, рэдакцыйная палітыка карпарацыі незалежная і абароненая ад любога палітычнага ўплыву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG