Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве памёр 95-гадовы скарыназнаўца Яўген Неміроўскі


Яўген Неміроўскі

У Маскве памёр 95-гадовы кнігазнаўца Яўген Неміроўскі, паведаміў намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, які называе нябожчыка «чалавекам-легендай».

«Ён стаў аўтарам тысяч публікацый і аддана працаваў да апошніх дзён, — піша Алесь Суша пра Неміроўскага. — Нават амаль страчаны зрок не спыніў яго дасьледаваньні, а таму яго новыя працы працягвалі зьяўляцца і зьяўляцца​».

Паводле Сушы, у кожнага дасьледчыка ўсходнеэўрапейскіх кніг ёсьць выданьні Неміроўскага, на іх «гадаваліся і сталелі». Ён заклікае ўшанаваць памяць Неміроўскага выставай, канфэрэнцыяй або выданьнем.

Яўген Неміроўскі нарадзіўся 21 красавіка 1925 году ў Зіноўеўску, што пад Адэсай ва Ўкраінскай ССР. Вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, працаваў у НДІ паліграфічнага машынабудаўніцтва ў Маскве. У 1962 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю пра крыніцазнаўства ў расейскім першадрукарстве, у 1969-м — доктарскую дысэртацыю пра пачатак славянскага кнігадруку і гісторыю польскага Адраджэньня. У 1973 годзе стаў загадчыкам аддзелу рэдкіх кніг Ленінскай бібліятэкі ў Маскве, у 1982-м — галоўным навуковым супрацоўнікам Расейскай кніжнай палаты.

Распачаў працу над зводным каталёгам і апісаньнем старадрукаваных выданьняў кірылічнага і глагалічнага шрыфтоў, пісаў працы і манаграфіі пра славянскі кнігадрук, тэорыю і гісторыю сусьветнага кнігадруку, аб Швайпольту Фіёлю, Івану Фёдараву, Францыску Скарыну ды іншых. Неміроўскага, сярод іншага, называюць «скарыназнаўцам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG