Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікаў ад АБСЭ на выбары ў Беларусь дагэтуль не запрасілі, усё яшчэ абяцаюць


Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год

Кіраўніца Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Інгіб'ёрг Соўлрун Гістладоўтыр​ заклапочаная тым, што арганізацыя да гэтага часу не атрымала запрашэньня назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

«Поўная ацэнка выбарчага працэсу залежыць ад нашай здольнасьці адправіць назіральнікаў як мага раней», — спасылаецца на Інгіб'ёрг Соўлрун Гістладоўтыр​ БелаПАН.

Яна таксама адзначыла, што падзяляе заклапочанасьць, якую 1 ліпеня ў адмысловай заяве выказала група экспэртаў ААН. У прыватнасьці, спэцыялісты заклікаюць улады Беларусі ўстрымацца ад гвалту супраць мірных дэманстрантаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохваньня ў дачыненьні актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Напачатку чэрвеня старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак накіраваў зварот у Міністэрства замежных спраў Беларусі, у якім прасіў праінфармаваць аб захадах дзяржавы на запрашэньне міжнародных назіральнікаў, у тым ліку місіі БДІПЧ АБСЭ, на час правядзеньня выбараў прэзыдэнта. У адказе з подпісам намесьніка міністра Алега Краўчанкі гаварылася, што «пытаньне знаходзіцца на разглядзе».

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына 10 чэрвеня заявіла, што «па меры паляпшэньня эпідэміялягічнага становішча» будуць накіраваныя адпаведныя запрашэньні ў міжнародныя арганізацыі, якія традыцыйна назіраюць за выбарамі. Пры гэтым дадала, што адбудзецца гэта па завяршэньні працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей 26 чэрвеня заявіў, што Беларусь плянуе запрасіць на прэзыдэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў.

«Мы запыталі ў Міністэрства аховы здароўя іх думку наконт эпідэміялягічнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама пра тое, як нам дзейнічаць у выпадку прыезду замежных назіральнікаў на гэтыя выбары», — адзначыў міністар, удакладніўшы, што на падставе атрыманай інфармацыі будзе фармуляваць запрашэньні для замежных назіральнікаў.

Працэс рэгістрацыі пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасьля чаго стартуе пэрыяд перадвыбарчай агітацыі. Дата выбараў прызначаная на 9 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG