Генпракуратура: Бабарыку затрымалі законна

Віктар Бабарыка, 4 чэрвеня
Віктар Бабарыка, 4 чэрвеня

Законнасьць затрыманьня Віктара Бабарыкі правераная пракуратурай і пацьвярджаецца пастановай суду, паведамляе прэс-служба Генэральнай пракуратуры.


«У Генэральную пракуратуру паступілі шматлікія электронныя звароты грамадзян з нагоды дзеяньняў праваахоўных органаў у дачыненьні да Бабарыкі В.Д., які зьяўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, — гаворыцца ў паведамленьні. — Інфармуем, што законнасьць яго затрыманьня правераная пракуратурай, а таксама пацьверджаная пастановай суду Цэнтральнага раёну Менску ад 24 чэрвеня 2020 году».

Як адзначае Генпракуратура, згодна з арт. 138 КПК Рэспублікі Беларусь дзеяньні і рашэньні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаныя як удзельнікамі крымінальнага працэсу, так і іншымі фізычнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеяньні і рашэньні закранаюць іх інтарэсы.

Пры гэтым накіраваньне заяў пры дапамозе электроннай пошты крымінальна-працэсуальным законам не прадугледжанае — хадайніцтвы і скаргі падаюцца ў вуснай ці пісьмовай форме.

«Паведамляем тым, хто зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру па згаданай тэме, што абскарджваньне дзеяньняў і рашэньняў асобамі, якім не нададзенае адпаведнае права, цягне за сабой пакіданьне зваротаў без разгляду па сутнасьці», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

​
XS
SM
MD
LG