Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі аэрапорт урачыста сустрэў першы з сакавіка рэйс Lufthansa


Менскі аэрапорт сустракае першы самалёт Lufthansa з сакавіка 2020 году.
Менскі аэрапорт сустракае першы самалёт Lufthansa з сакавіка 2020 году.

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» 1 чэрвеня прызямліўся самалёт авіякампаніі Lufthansa, які ляцеў рэйсам Франкфурт-Менск. Гэта першы рэйс кампаніі ў Беларусь з 18 сакавіка — калі надышла паўза ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Як паведамляе аэрапорт, самалёт Embraer E-190 сустрэлі «паводле міжнароднага звычаю ў сьвеце авіяцыі — воднай аркай». У аэрапорце адзначаюць, што Lufthansa была адной зь першых эўрапейскіх кампаніяў, якія прыйшлі на беларускі рынак — гэта адбылося яшчэ ў 1992 годзе.

Да канца чэрвеня між Франкфуртам і Менскам плянуюць ладзіць пералёты ў абодва бакі тройчы на тыдзень (панядзелак, серада і пятніца), а са жніўня рабіць рэйсы пяць разоў на тыдзень.

Пакуль яшчэ толькі дзьве кампаніі робяць рэйсы зь менскага аэрапорту: беларуская Belavia (ладзяцца рэгулярныя рэйсы, у раскладзе чартэраў ужо ёсьць Альбанія, Турэччына і Эгіпет) і турэцкая Turkish Airlines (аднавіла палёты між Стамбулам і Менскам у чэрвені, на ліпень заплянаваныя па чатыры рэйсы на тыдзень).

Межы Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзіць большасьць краін Эўразьвязу, былі закрытыя ў сувязі з пандэміяй у сярэдзіне сакавіка. Шмат якія краіны ЭЗ, акрамя таго, закрылі і свае ўнутраныя межы або сур'ёзна абмежавалі магчымасьць іх перасячэньня. Пазьней шмат якія краіны Шэнгенскай зоны адкрылі ўнутраныя межы.

Эўразьвяз пакуль адкрыў зьнешнія межы толькі для 14 краінаў, у лік якіх Беларусь не ўваходзіць. Гэтыя рэкамэндацыі не абавязковыя для выкананьня: канчатковыя рашэньні прымаюць канкрэтныя краіны Эўразьвязу, якім, зрэшты, «ня варта» адкрываць межы зь не названымі ў сьпісе краінамі «без агульнай каардынацыі».

Амбасада Нямеччыны ў Менску пакуль плянуе аднавіць прыём візавых хадайніцтваў толькі з 6 ліпеня і толькі для выключных выпадкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG