Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыкі ААН заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у выбарчай кампаніі


Экспэрты ААН 1 ліпеня запатрабавалі ад беларускіх уладаў устрымацца ад гвалту над мірнымі ўдзельнікамі акцый перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. Яны заклікалі афіцыйны Менск адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохваньня супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Незалежныя экспэрты заявілі, што толькі з 18 чэрвеня пры правядзеньні мірных дэманстрацый па ўсёй краіне было арыштавана як мінімум 200 палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

«Мы рашуча асуджаем пастаянную ўрадавую палітыку масавых арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, якія мірна ажыцьцяўляюць свае асноўныя правы», — гаворыцца ў заяве. — Мы цьвёрда асуджаем палітыку і дзеяньні, якія абмяжоўваюць права беларусаў на свабоду мірных сходаў і свабоду перакананьняў і выказваньняў».

«Плюралістычнае асяродзьдзе, у якім усе людзі могуць бясьпечна і свабодна ажыцьцяўляць сваё права на пошук і распаўсюд інфармацыі і сваё права на свабоду выказваньня меркаваньняў, на мірныя сходы і асацыяцыі мае важнае значэньне для забесьпячэньня сумленнасьці бягучага выбарчага працэсу і легітымнасьці яго вынікаў», — падкрэсьлілі экспэрты ААН.

Заяву падпісалі: Анаіс Марэн, спэцдакладчык па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі; Клемэнт Вуле, спэцдакладчык па праве на мірныя сходы і асацыяцыі; Мэры Лаўлар, спэцдакладчык па сытуацыі з праваабаронцамі; Дэйвід Кей, спэцдакладчык па пытаньнях свабоды меркаваньняў і выказваньня меркаваньняў; Дыега Гарсія-Саян, спэцдакладчык па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG