Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ірану выдалі ордэр на арышт Трампа і папрасілі Інтэрпол затрымаць прэзыдэнта ЗША


Касэм Сулеймані (у цэнтры), 2019 год

Улады Ірану выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і зьвярнуліся ў Інтэрпол з просьбай затрымаць яго.

Іран абвінавачвае Трампа і яшчэ 35 амэрыканцаў у забойстве іранскага генэрала, кіраўніка атраду сіл спэцапэрацыяў «Аль-Кудс» Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі Касэма Сулеймані. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва Ірану IRNA са спасылкай на словы пракурора Тэгерану. Ён заявіў, што працягне судовы перасьлед Трампа і пасьля заканчэньня ягонага прэзыдэнцкага тэрміну.

Іран абвінавачвае Трампа і іншых палітычных і ваенных дзеячоў ЗША ў забойстве і тэрарыстычных актах.

Парлямэнт Ірану прыняў 7 студзеня законапраект, які прызнае тэрарыстамі «ўсіх членаў Пэнтагону і зьвязаных зь ім установаў і арганізацыяў, а таксама кіраўнікоў, якія маюць дачыненьне да гібелі Касэма Сулеймані».

Адзін з самых уплывовых чыноўнікаў Ірану — камандзір элітнага падразьдзяленьня іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі генэрал-маёр Касэм Сулеймані быў забіты ўначы 3 студзеня паблізу міжнароднага аэрапорта Багдаду ў Іраку падчас спэцапэрацыі ЗША: яна рыхтавалася на асабісты загад прэзыдэнта Трампа.

Сулеймані забілі празь некалькі дзён пасьля таго, як шыіцкія групоўкі, якія зьвязваюць з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі і «Аль-Кудсам», паспрабавалі ўзяць штурмам пасольства ЗША ў Багдадзе. Сілы бясьпекі Іраку ўжылі для абароны сьлезацечны газ, а ахова ўнутры будынка амбасады кідала шумавыя гранаты, каб разагнаць пратэстоўцаў.

Адразу пасьля гэтага Вашынгтон заявіў аб прыпыненьні дзейнасьці амбасады, эвакуаваў яе супрацоўнікаў і заклікаў усіх амэрыканскіх грамадзян пакінуць Ірак. У Пэнтагоне пацьвердзілі, што вайскоўцы пачалі апэрацыю па ліквідацыі іранскага генэрала менавіта на ўказаньне Дональда Трампа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG