Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура нагадала, што абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам. У часе выбараў іх шмат


Вэбсайт Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь

Публічныя паклёп і абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам, спасылаецца БелТА на выканаўцу абавязкаў начальніка аддзелу нагляду за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзян Генэральнай пракуратуры Паўла Елісеева.

«Публічныя паклёп, абразы ў інтэрнэце ня толькі непрымальныя, але і перасьледуюцца законам. За такія дзеяньні могуць наступаць адміністрацыйная, грамадзянска-прававая і крымінальная адказнасьць», — удакладніў ён.

Павал Елісееў адзначыў, што апошнім часам значна ўзрасла колькасьць зваротаў у органы ўнутраных спраў. Грамадзяне скардзяцца на некарэктную крытыку, публічнае цкаваньне, абразы і пагрозы, якія разьмяшчаюцца на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку ў сацыяльных сетках, за выказваньне сваёй пазыцыі.

«Такая сытуацыя стала магчымай з прычыны памылковага ўспрыманьня інтэрнэту як тэрыторыі ўсёдазволенасьці, а ананімнага фармату зносін — як гарантыі беспакаранасьці за непрыстойныя дзеяньні», — падсумаваў прадстаўнік Генпракуратуры.

Павал Елісееў падкрэсьліў, што свабода меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне замацаваныя Канстытуцыяй і гарантаваныя дзяржавай.


У краіне выбарчая кампанія


«У краіне праходзіць кампанія выбараў прэзыдэнта, у рамках якой кожная асоба, якая дасягнула 18 гадоў, мае права рэалізаваць сваё асноватворнае грамадзянскае права — выбiраць i быць выбраным. Генэральная пракуратура заўсёды зыходзіла з таго, што грамадзяне, незалежна ад іх палітычных перакананьняў і прыхільнасьцяў, маюць роўныя правы на публічнае выказваньне сваёй пазыцыі. У пэрыяд выбарчых кампаній палеміка і абмен думкамі могуць дасягаць асаблівага напалу. Але гэта нармальны працэс для любой дэмакратычнай дзяржавы. Аднак спадарожная ўмова такой свабоды — перш за ўсё захаваньне элемэнтарнай культуры зносін, калі дыскусія або абмен думкамі не пераходзяць межаў прыстойнасьці або закону», — сказаў ён.

Што пагражае за абразы

Ён нагадаў, што пашырэньне заведама лжывых зьвестак у СМІ, інтэрнэце, іншых сетках караюцца, акрамя штрафу, арыштам ці абмежаваньнем волі да 3 гадоў. Аналягічныя санкцыі прадугледжаны за наўмыснае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме. Размяшчэньне на электронных рэсурсах пагрозаў прычыненьня шкоды жыцьцю і здароўю грамадзянаў або іх маёмасьці таксама цягне крымінальны перасьлед у выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 2 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG