Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады не выдаваць Турэччыне курда, якому пагражаюць катаваньні


Грамадзянін Турэччыны, курд паводле нацыянальнасьці Хіджры Мамаш
Грамадзянін Турэччыны, курд паводле нацыянальнасьці Хіджры Мамаш

Не выдаваць Турэччыне 27-гадовага курда Хіджры Мамаша заклікала беларускія ўлады праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Паводле яе, 24 чэрвеня Вярхоўны суд пастанавіў выдаць Мамаша Турэччыне. Рашэньне абскарджаньню не падлягае. 1 ліпеня яго павінны адправіць на радзіму.​

«Турэцкага курда Хіджры Мамаша адправяць на радзіму ў Турэччыну. Зь вялікай імавернасьцю там яго чакаюць катаваньні», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Хіджры Мамаш абвінавачаны ў замаху на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы. Курд настойвае, што гэтае абвінавачаньне палітычна матываванае і яго перасьледуюць за ўдзел у мірных акцыях.

На думку Human Constanta, выдачай Мамаша Беларусь «парушыць ня толькі міжнародныя дамоўленасьці, але і сваё ўласнае заканадаўства».

Адвакат Хіджры Мамаша Арцём Калоша раней паведаміў БелаПАН, што курд уцёк з Турэччыны з прычыны пагрозы перасьледу ў Ірак, адтуль прыехаў у Ерэван. Ён набыў новыя дакумэнты, па якіх купіў квіток на самалёт з Ерэвана да Бялграда празь Менск, аднак у беларускай сталіцы 6 ліпеня 2019 году быў арыштаваны праз абвінавачаньне ў падробцы пашпарта. З тых часоў знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары. Яго плянавалі дэпартаваць зь Беларусі і забараніць уезд на пяць гадоў.

Мамаш падаў заяву аб міжнароднай абароне ў Беларусі, але дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі 5 лютага 2020 году яму адмовіў. Суд Цэнтральнага раёну Менска 3 красавіка пакінуў рашэньне ў сіле. 23 красавіка намесьнік генпракурора Аляксей Стук задаволіў просьбу Міністэрства юстыцыі Турэччыны, дазволіўшы выдачу Хіджры Мамаша для прыцягненьня да адказнасьці паводле арт. 302/1 Крымінальнага кодэксу Турэччыны (замах на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы).

1 чэрвеня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне Генэральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы Турэччыне Мамаша, а яго скаргу - без задавальненьня. Пасьля гэтага курд зьвярнуўся ў Вярхоўны суд.

У канцы траўня Камітэт правоў чалавека ААН вынес рашэньне аб прымяненьні часовых захадаў да Хіджры Мамаша, запатрабаваўшы ад беларускага ўраду прыпыніць перадачу курда да разгляду скаргі па сутнасьці ў камітэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG