Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы разам». У Кіеве адбыўся марш салідарнасьці зь Беларусьсю


Акцыя салідарнасьці ў Кіеве

У Кіеве з ініцыятывы Руху салідарнасьці «Разам» адбыўся марш у падтрымку беларусаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі ў часе кампаніі выбараў прэзыдэнта, прызначаных на 9 жніўня.

У акцыі ўдзельнічалі каля 100 чалавек — беларусы, якія ўжо доўгі час жывуць ва Ўкраіне, і ўкраінцы — актывісты і сябры палітычных рухаў і партыяў. Акцыя адбывалася пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі.

З Майдану Незалежнасьці ўдзельнікі акцыі прайшлі на вуліцу Грушэўскага, да помніка Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў на гэтым месцы ў часе масавых пратэстаў у 2014 годзе, і ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчаньня. Адтуль удзельнікі акцыі накіраваліся да амбасады Беларусі ў Кіеве. Дыпляматы традыцыйна ніяк не адрэагавалі на пікетаваньне.

«Лукашэнка лічыць ворагамі не расейскіх агентаў, не карупцыянэраў, а сапраўдных беларусаў. Мы, украінцы, ня хочам умешвацца ў вашыя ўнутраныя справы, але мы хочам, каб вы мелі права на выбар, каб вы мелі права на сваю ўладу. І вы, беларусы, мусіце ведаць, калі ў вас забяруць гэтае права і вы будзеце вяртаць яго сілай, украінцы будуць з вамі», — заявіў намесьнік кіраўніка Ўсеўкраінскай арганізацыі «Свабода» Юры Сірацюк.

Палітык перакананы, што незалежнасьць Украіны цесна зьвязаная зь незалежнасьцю Беларусі: «Калі Пуціну ўдасца правесьці з Лукашэнкам „двуххадоўку“ і канчаткова паглынуць беларускую нацыю, пачаўшы вяртаньне Савецкага Саюзу, пра што марыць Пуцін, то Ўкраіне будзе вельмі цяжка супрацьстаяць. Таму мы расцэньваем вашыя выбары як нацыянальна-вызвольную вайну».

Адзін зь лідэраў Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык паведаміў Свабодзе, што па дарозе да беларускай амбасады ўдзельнікі акцыі спыніліся на месцы гібелі журналіста Паўла Шарамета і ўшанавалі яго хвілінай памяці: «Усе мы — і беларусы, і ўкраінцы — хочам, каб былі пакараныя забойцы і Паўла Шарамета, і Міхася Жызьнеўскага».

«У Кіеве сёньняшняя акцыя — ня першая. Іх арганізоўвалі розныя людзі, на іх прыходзілі розныя ўдзельнікі, але пераважна — моладзь. Усе яны аб’яднаныя прагненьнем сказаць „не“ рэпрэсіям і катаваньням у Беларусі і патрабаваць свабоду палітычным вязьням. Некаторыя з гэтых патрабаваньняў былі пэрсанальныя, бо Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец і Максім Вінярскі ў свой час прыяжджалі ў Кіеў, каб выказаць сваю салідарнасьць з украінцамі, якія патрабавлі зьменаў у 2004 годзе», — дадаў Вячаслаў Сіўчык.

Каля беларускай амбасады на завяршэньне акцыі ўдзельнікі выканалі ўкраінскі дзяржаўны гімн і духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG