Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціве зьявілася ўжо другая пэтыцыя за вызваленьне Бабарыкі — адказаць на яе павінны цягам 15 дзён


У выбарчым штабе Віктара Бабарыкі

На сайце petitions.by зьявілася ўжо другая за апошнія суткі пэтыцыя за вызваленьне патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.

У адрозьненьне ад першай пэтыцыі на change.org (яе органы, да якіх зьвяртаюцца падпісанты, могуць праігнараваць), з petitions.by робіцца афіцыйны зварот, адказ на які абавязаныя даць цягам 15 сутак. Пэтыцыю плянуюць накіраваць у адміністрацыю Лукашэнкі і Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі.

У ёй патрабуюць вызваліць Віктара Бабарыку і спыніць перасьлед у дачыненьні да яго, ягонай сям’і, сяброў, былых калегаў, удзельнікаў ініцыятыўных груп, зборшчыкаў подпісаў і «любых грамадзян, якія падтрымліваюць яго ў ролі кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Затрыманьне Бабарыкі аўтары пэтыцыі называюць «грубым парушэньнем чалавечых правоў» як у адносінах да самога Віктара Бабарыкі, так і да ўсіх грамадзян Беларусі, якія хочуць аддаць свой голас за яго на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

«Патрабуем забясьпечыць законнасьць і роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі», — гаворыцца ў пэтыцыі.

У ёй таксама адзначаюць, што з 18 чэрвеня дзяржаўныя СМІ трансьлююць навіны аб затрыманьні Бабарыкі, якія «парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці», бо ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, пакуль яго віна не даказаная і не прызнаная судовым прысудам. Таксама ў пэтыцыі гаворыцца пра незаконнае ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё Бабарыкі, «замах на недатыкальнасьць яго жытла або таямніцу ягонай карэспандэнцыі, на ягоны гонар і рэпутацыю».

Аўтары пэтыцыі дадаюць, што да Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда не пускаюць адвакатаў, што парушае іх канстытуцыйныя правы (адвакатаў да Бабарыкі на другі дзень пасьля затрыманьня ўсё ж пусьцілі. — РС).

На момант публікацыі пэтыцыя сабрала больш за 3200 подпісаў.

Першая пэтыцыя на change.org сабрала ўжо 151,6 тысячы подпісаў. Але адказваць на яе чыноўнікі не абавязаныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG