Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта паказвае слабасьць улады». АГП зьвярнулася да праваахоўнікаў з нагоды арыштаў паплечнікаў Бабарыкі


Ілюстрацыйнае фота. Вобшук і ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» ў Менску, 11 чэрвеня

Рада Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі 18 чэрвеня падала афіцыйную заяву з нагоды затрыманьня каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава і сябра ініцыятыўнай групы, кіраўніка Магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава.

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку старшыня магілёўскай філіі АГП Ўладзімер Шанцаў.

«Менавіта ў той момант, калі Віктар Бабарыка стаў самым рэйтынгавым прэтэндэнтам у прэзыдэнты і пры правядзеньні выбараў цяпер атрымаў бы перамогу ўжо ў першым туры, раптам раскрываюцца „злачынныя схемы“ і ў людзей, якія кіравалі выбарчай кампаніяй Бабарыкі, і ў структуры „Белгазпрамбанку“. Хоць да гэтага моманту ніякіх прэтэнзій да іх не было. Атрымліваецца так, што можна зьдзяйсьняць злачынствы, але пытаньні ўзьнікаюць толькі пасьля таго, калі ты супраць гэтай улады. Гэта вельмі дзіўнае супадзеньне!» — гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары патрабуюць «неадкладна вызваліць Уладзімера Дударава і Сяргея Кармызава.

Таксама ў заяве адзначаецца, што «шанцаў перамагчы сумленна сёньня ў Лукашэнкі няма» і што «народ усё даўно ўжо зразумеў», а ціск Лукашэнкі на патэнцыйнага суперніка «толькі ўзмацняе нэгатыўнае стаўленьне да ўлады і падкрэсьлівае яе слабасьць».

Заяву прынялі 17 чэрвеня, аднагалосна. Яе перадалі:

  • старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Зайцу Л.К.,
  • начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкаму Шчарбачэні І.В.,
  • начальніку ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Шалухіну В.В.,
  • пракурору Магілёўскай вобласьці Чадзюку А.В.

Сяргея Кармызава і Ўладзімера Дударава затрымалі 12 чэрвеня пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу прыватных кампаній, у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Паводле Віктара Бабарыкі, усяго па справе праходзяць каля 20 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG