Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачаліся клінічныя выпрабаваньні вакцыны ад каранавірусу


Паліцыянты ў абарончых масках на Красным пляцы ў Маскве.

У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Вакцына распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі (НДЦЭМ), паведаміла Міністэрства аховы здароўя Расеі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрымышачнага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашка, рошчыну зь якога для ўвядзеньня ў мышцу будуць рыхтаваць на месцы. У кожным выпадку ў выпрабаваньнях возьмуць удзел па 38 добраахвотнікаў.

Плянуецца адкрытае дасьледаваньне I-II фазы на добраахвотніках бяз групы кантролю. Пры такіх выпрабаваньнях не прадугледжваецца ўвядзеньне плацэба. Паводле дадзеных рэестра дазволаў Міністэрства аховы здароўя, дата заканчэньня выпрабаваньняў — сьнежань 2020 году, адзначае «Фармацэўтычны весьнік».

«Праведзена ўжо вялікая праца: два тыдні ў пансіянаце Зьвянігараду на абсэрвацыі знаходзяцца добраахвотнікі, якія на гэты час былі цалкам ізаляваныя ад кантактаў са сьветам, каб пазьбегнуць магчымасьці заражэньня», — распавёў РБК дырэктар Інстытуту трансьляцыйныя мэдыцыны і біятэхналёгіі Сечанаўскага ўнівэрсытэту Вадзім Тарасаў.

  • У Расеі распрацоўваецца 47 вакцын ад каранавірусу, абвясьціла 20 траўня віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава. Праз шэсьць дзён міністар абароны Сяргей Шайгу даклаў Уладзіміру Пуціну, што клінічныя выпрабаваньні адной зь іх завершацца ўжо ў ліпені.
  • 13 чэрвеня віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава распавяла, што прамысловую вытворчасьць вакцыны ад каранавірусу плянуецца пачаць у верасьні, прэпарат будзе выпускаць Нацыянальны дасьледчы цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі ім. Н. Ф. Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі (НДЦЭМ). Паводле яе слоў, вакцына можа прайсьці дзяржаўную рэгістрацыю ў жніўні, да гэтага часу завершацца клінічныя выпрабаваньні.
  • Пра хуткае зьяўленьне вакцыны прэзыдэнту пад камэры дакладвалі міністар аховы здароўя Міхаіл Мурашка, віцэ-прэм’ер Дзьмітры Чарнышэнка, які анансаваў масавую вакцынацыю расейцаў восеньню 2020 году, і мэр Масквы Сяргей Сабянін, які аказаўся самым вялікім скептыкам, назваўшы тэрмінам пачатку вакцынацыі сьнежань.

The Bell адзначае, што рэальныя шанцы стварыць расейскую вакцыну ёсьць толькі ў двух гульцоў — дзяржаўнага навуковага цэнтру «Вэктар» і НДЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі ім. Н. Ф. Гамалеі. Гэта працяг супрацьстаяньня Расспажыўнагляду і Міністэрства аховы здароўя, лічаць удзельнікі рынку. «Вэктар» — гэта ўстанова Расспажыўнагляду, цэнтар Гамалеі — Міністэрства аховы здароўя, а ў нас, на жаль, рэгулятары замест таго, каб разам вырашаць праблемы, заўсёды канкуруюць", — сказаў The Bell Равіль Ніязаў, спэцыяліст Цэнтру навуковага кансультаваньня.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG