Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы затрымалі крымінальнага аўтарытэта, які браў у прызыўнікоў хабар за адтэрміноўку ад службы 


Як паведамляе тэлеграм-канал МУС Беларусі, супрацоўнікі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымалі так званага «смотрящего» за Воршай. Судзімы за крадзеж, угон і хуліганства 36-гадовы мужчына падазраецца ў падбухторваньні да дачы хабару і махлярстве.

Паводле інфармацыі сьледзтва, да яго зьвярнуўся сваяк аднаго з прызыўнікоў з просьбай вырашыць пытаньне аб адтэрміноўцы вайсковай службы. «Аўтарытэт» пагадзіўся і сказаў, што за 500 даляраў камісарыят выдасьць хлопцу ваенны білет. Малады чалавек перадаў грошы, а затым распавёў пра «паслугу» яшчэ аднаму прызыўніку. Той таксама «купіў» адтэрміноўку.

Неўзабаве маладых людзей мабілізавалі. Зразумеўшы, што іх падманулі, яны зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. Высьветлілася, што грошы падазраваны прысвоіў і выдаткаваў на ўласныя патрэбы.

У выніку апэратыўнікі злавілі аршанца падчас атрыманьня чарговага хабару за «рашэньне» аналягічнага пытаньня. Заведзеная крымінальная справа за падбухторваньне да дачы хабару і махлярства. Мужчыну арыштавалі.

Цяпер праваахоўнікі выяўляюць іншых ахвяраў падману. Удакладняецца, што асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі мела месца вымагальніцтва альбо чалавек добраахвотна заявіў аб зробленым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG