Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія экспэрты высьвятляюць прычыны масавага замору рыбы ў беларускай частцы Нёмана


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Літоўскае Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя ўзяло пробы вады зь Нёмана каля Алітуса і Друскінікаў пасьля атрыманьня інфармацыі аб масавым заморы рыбы ў рацэ на беларускай тэрыторыі, паведамляе Interfax.by.

Калі аналізы зафіксуюць забруджваньне вады, літоўскі бок плянуе зьвярнуцца за тлумачэньнямі да беларускіх спэцыялістаў. Першыя вынікі дасьледаваньняў будуць вядомыя праз суткі, аднак пільны аналіз можа запатрабаваць да тыдня.

Інфармацыю пра масавы замор рыбы ў Нёмане, на ўчастку ракі ў цэнтры Горадні і ў раёне плаціны ГЭС, у мінулыя выходныя распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках відавочцы здарэньня.

15 чэрвеня Горадзенская інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя паведаміла «Інтэрфакс-Захад», што прычынай масавага замору рыбы ў Нёмане магло стаць зьніжэньне канцэнтрацыі кіслароду.

«Адназначна, што ў рачной вадзе — малое ўтрыманьне кіслароду, якое выклікана гарачым надвор’ем. На асобных участках Нёмана тэмпэратура вады падымалася да +30°C. Папярэдне — гэта магло стаць прычынай замору рыбы», — распавялі ў інспэкцыі.

Прадстаўнікі арганізацыі дадалі, што канчатковую прычыну высьветляць на працягу тыдня. Цяпер праводзяць аналіз узораў вады і загінулай рыбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG