Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве журналіст патрабуе завесьці крымінальную справу супраць міліцыі за палітычны перасьлед 


Аляксандар Буракоў
Аляксандар Буракоў

Журналіст Алесь Буракоў мяркуе, што міліцыянты парушылі артыкул 197 Крымінальнага кодэксу — «Перасьлед грамадзян за крытыку».

Журналіст і праваабаронца з Магілёва Алесь Буракоў зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія яго затрымлівалі і складалі пратаколы, паведамляе Mspring.online («Часопіс пра чалавека і яго правы»).

Алеся Буракова затрымалі 8 траўня каля суду Кастрычніцкага раёну Магілёва, куды ён прыйшоў назіраць за працэсам над калегамі. Затрымлівалі яго пяць чалавек, якімі кіраваў намесьнік начальніка аддзелу правапарадку міліцыі грамадзкай бясьпекі маёр Павал Башарымаў. Яго перш за ўсё журналіст патрабуе прыцягнуць да адказнасьці.

У РАУС Ленінскага раёну Буракова даставілі не праз агульны ўваход у дзяжурную частку, а таемна праз службовыя памяшканьні: машына заехала на абгароджаную тэрыторыю, дзе разьмяшчаюцца гаражы і гаспадарчыя пабудовы.

Там міліцыянт Ячмянёў склаў на яго пратакол адміністрацыйнага затрыманьня. Нягледзячы на тое, што журналіст прад’явіў пасьведчаньне, у справу ўмяшаўся і старшы інспэктар адміністрацыі Ленінскага раёну маёр Паўлаў. Ён склаў, на думку Буракова, заведама ілжывы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Буракоў растлумачыў міліцыянтам, што ажыцьцяўляе журналісцкую дзейнасьць і зьяўляецца чальцом праваабарончага руху. Калі 6 траўня зьявілася інфармацыя аб зьнікненьні блогера Сяргея Ціханоўскага, ён пачаў фіксаваць тое, што адбываецца.

Аднак Башарымаў падаў гэта так, што журналіст быў «актыўным удзельнікам акцый з удзелам апазыцыйна настроеных грамадзян».

У адказ на гэта Аляксандар Буракоў вырашыў зьвярнуцца ў пракуратуру. Журналіст лічыць, што прычынай перасьледу сталі ягоныя крытычныя артыкулы. Таму мяркуе, што міліцыянты парушылі артыкул 197 Крымінальнага кодэксу — «Перасьлед грамадзян за крытыку».

Такое злачынства караецца абмежаваньнем волі да трох гадоў або штрафам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG