Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэчу Каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз перанесьлі на пасьлявыбарны пэрыяд


Саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі, ілюстрацыйнае фота
Саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі, ілюстрацыйнае фота

Сустрэча Каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз і чарговы раўнд дыялёгу аб правах чалавека, якія павінны былі адбыцца гэтым летам, перанесьлі на восень праз пандэмію COVID-19. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску.

«Каардынацыйная група будзе ахопліваць усе сфэры супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, — адзначылі ў прадстаўніцтве. — Традыцыйна плянуецца абмеркаваць пытаньні правоў чалавека з асаблівым акцэнтам на шанаваньне асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды выказваньня, свабоды сходаў і свабоды СМІ. Таксама будзе ісьці размова аб праблеме сьмяротнага пакараньня і выбарчай рэформе».

Раней Эўразьвяз выступіў з крытыкай сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку асудзіў затрыманьне відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, палітыка Міколы Статкевіча ды іншых актывістаў.
Брусэль заклікаў беларускія ўлады зьняць абвінавачаньні з апанэнтаў дзейных уладаў і неадкладна іх вызваліць.

«Мы прынялі да ведама абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве, прад’яўленыя Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ некалькім актывістам. З улікам самавольнага характару затрыманьня і крымінальнага перасьледу Ціханоўскага і яго паплечнікаў Эўразьвяз заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня актывістаў і зьняцьця зь іх усіх абвінавачаньняў», — заявіў у інтэрвію БелаПАН прэс-сакратар Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана.

Каардынацыйная група Беларусь — Эўразьвяз правяла першае паседжаньне ў красавіку 2016 году.

Такі фармат быў ухвалены для структураванага дыялёгу па ўсім спэктры адносінаў. Паседжаньні праходзяць двойчы на год ў Менску і Брусэлі. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі Эўракамісіі і профільных органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі. Папярэдняя сустрэча адбылася летась у сьнежні ў Брусэлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG