Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы дамагліся вызваленьня з турмы на Акрэсьціна актывісткі, якая мае малое дзіця 


Турма на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык, якой прысудзілі 12 дзён арышту, хоць дома шасьцігадовае дзіця, выйшла на волю, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Неадбытыя суткі арышту жанчыне замянілі штрафам,а таксама выставілі рахунак за харчаваньне.

«Мяне арыштавалі па дарозе на працу. Завезьлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, потым у суд таго ж раёну. Довады пра тое, што ў мяне малое дзіця, на судзьдзю не паўплывалі. Сёньня мне ў ізалятары далі паперу, у якой напісана, што неадседжаныя мной 9 дзён замяняюцца на штраф 1215 рублёў. Таксама я вінаватая ізалятару за харчаваньне, выставілі рахунак 40 рублёў. Тры дні я была ў камэры адна, толькі адзін раз падсялілі дзяўчыну, але неўзабаве кудысьці вывезьлі».

Паводле Алены, з сынам усё добра, ён знаходзіцца з бацькамі на лецішчы. Жанчына падзякавала ўсім за падтрымку і салідарнасьць, бо толькі дзякуючы гэтаму яе вызвалілі.

Пасьля арышту актывісткі першымі забілі трывогу праваабаронцы «Вясны». Юрыст Аляксей Лойка тэрмінова зьвярнуўся ў МУС Беларусі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Алену Лазарчык, якая другія суткі ўтрымлівалася ў ізалятары на Акрэсьціна. Захады далі плён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG