Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн набраў дастаткова галасоў дэлегатаў для намінацыі ў прэзыдэнты ЗША


Джо Байдэн прамаўляе ў Філядэльфіі 2 чэрвеня
Джо Байдэн прамаўляе ў Філядэльфіі 2 чэрвеня

Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 5 чэрвеня набраў неабходную колькасьць галасоў дэлегатаў зьезду Дэмакратычнай партыі для намінацыі яго кандыдатам партыі ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў.

Паводле дадзеных інфармацыйнага агенцтва Associated Press, Байдэн заручыўся голасам 1991 дэлегата. Падлік вынікаў апошняй сэрыі першасных выбараў зацягнуўся на некалькі дзён. Яны прайшлі 2 чэрвеня ў сямі штатах і федэральнай акрузе Калюмбія, дзе знаходзіцца сталіца краіны Вашынгтон. Значная частка выбаршчыкаў прагаласавала па пошце.

«Для мяне было за гонар змагацца з групай найбольш таленавітых кандыдатаў, якія калі-небудзь змагаліся за намінацыю... Я маю намер прысьвяціць кожны дзень зь сёньняшняга дня да 3 лістапада барацьбе за галасы амэрыканцаў па ўсёй краіне, каб сумесна вы выйгралі бітву за душу нашай краіны», — заявіў Джо Байдэн.

Барацьба за намінацыю ў прэзыдэнты пачыналася для 78-гадовага Джо Байдэна, які прысьвяціў усё жыцьцё палітыцы, няўдала. Ён пацярпеў сур’ёзныя паразы на першых двух першасных галасаваньнях у Аёве і Нью-Гемпшыры, але здолеў узяць лідэрства пасьля перамогі ў Паўднёвай Караліне, дзе ён перамог дзякуючы маштабнай падтрымцы выбаршчыкаў-афраамэрыканцаў.

На фоне маштабных пратэстаў, якія адбыліся ўсьлед за сьмерцю афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас яго затрыманьня паліцыяй, перадвыбарчыя рэйтынгі Байдэна павысіліся.

Паводле апошняга апытаньня, праведзенага па замове Нацыянальнага грамадзкага радыё, за Байдэна гатовыя прагаласаваць 50 адсоткаў выбаршчыкаў, за Трампа — 43. У дадзены момант выбаршчыкі аддаюць перавагу Байдэну нават у некалькіх ключавых штатах — Фларыдзе, Вісконсіне, Пэнсільваніі, якія прагаласавалі на мінулых выбарах за Дональда Трампа.

Нацыянальны зьезд Дэмакратычнай партыі павінен прайсьці ў Мілуокі ў Вісконсіне з 17 па 20 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG