Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі актывістамі ініцыятыўных груп. ФОТА


Каля дзясятка беларускіх і ўкраінскіх актывістаў правялі на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве акцыю падтрымкі і салідарнасьці з затрыманымі ўдзельнікамі ініцыятыўных груп і апазыцыйнымі палітыкамі.

Удзельнікі акцыі выйшлі на акцыю зь бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі. Яны трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду беларускім палітвязьням», «Жыве Беларусь», «Стоп таракан».

«Я лічу справай сумленнасьці выказаць салідарнасьць з затрыманымі. Зразумела, што наўрад ці нешта зьменіцца, але нельга так перасьледаваць альтэрнатыўных кандыдатаў», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Сьпірыдаў.

Ён беларус, жыве цяпер у Палтаве і адмыслова прыехаў у Кіеў, каб узяць удзел у арганізацыі і правядзеньні акцыі.

Адзін зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што цяпер ніхто ня можа назваць дакладную колькасьць затрыманых, таму вельмі важна, каб у Кіеве, на Майдане Незалежнасьці прагучала патрабаваньне аб вызваленьні палітвязьняў.

«Я хацеў бы, каб Украіна як дзяржава зьвярнула ўвагу на тое, што беларусы павінны мець правы і свабоды, прапісаныя ў Канстытуцыі і законах Беларусі. Цяперашнія рэпрэсіі паказваюць, што 9 жніўня Лукашэнка ўжо зьбіраецца расстрэльваць тысячы беларусаў. Амаральна, што гэтага ніхто ня чуе ў сьвеце, і найбольш амаральна, калі ня чуюць суседзі, асабліва Ўкраіна», — сказаў Свабодзе Вячаслаў Сіўчык.

Антон — украінец, які прыйшоў выказаць падтрымку затрыманым у Беларусі, — перакананы, што такія акцыі вельмі важныя і для Ўкраіны:

«Мы суседнія краіны і братнія народы, і ня можам заставацца ўбаку ад праблемаў у Беларусі, дзе людзі ня могуць выказаць сваю думку бяз рызыкі для жыцьця і свабоды. Свабода ня мае грамадзянства. Свабода або ёсьць, або яе няма. Для Ўкраіны вельмі важна, каб Беларусь не ператварылася ў своеасаблівы „афшор“ паміж Расеяй і Эўропай, дзе будуць адмывацца санкцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG