Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трапіць у раман Караткевіча і дапамагчы мэдыкам. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні


Ілюстрацыйнае фота. Cамаізаляцыя дома падчас пандэміі

Самаізаляцыя працягваецца. Сабралі для вас самыя цікавыя і карысныя актыўнасьці на тыдзень з 2 па 7 чэрвеня.

Інтэрактыўная мапа па рамане Караткевіча і онлайн-гульня

Прагуляцца па мясьцінах, якія згадваюцца ў творы «Каласы пад сярпом тваім», прапануе Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры.

«Вы зможаце наведаць славутыя гарады Эўропы ХІХ стагодзьдзя, пабачыць знакамітасьцяў і паслухаць музыку. Вось вам маршрут: «Ідзеш той жа дарогай, што і людзі праўды, любіш няшчасны свой край, служыш яму, а астатняе — справа дзясятая», — значыцца ў апісаньні.

Падарожжа можна зьдзейсьніць тут.

А яшчэ можна праверыць сябе на веданьне пісьменьнікаў-юбіляраў 2020 году і іх творчасьці ў онлайн-гульні «Творы і творцы».

Онлайн-экскурсія «Лошыцкі куфар»

«Лошыца — несумненны дыямэнт у аздабленьні гораду Менску, вялізны куфар гісторыі, якая цягнецца тут ажно з Х стагодзьдзя і да сярэдзіны ХХ». Так апісвае Лошыцу краязнаўца і экскурсавод Цімафей Акудовіч. Пагуляць па парку і акунуцца ў гісторыю можна тут.

Паглядзець лекцыю пра Полацкае княства

«Цэнтар гарадзкога жыцьця ў Горадні» працягвае цыкль «Адкрытыя лекцыі ў часе пандэміі».«Генадзь Семянчук вяртаецца да тэмы фармаваньня тэрыторыі Полацкага княства, дзяржавы, якая 1000 гадоў таму займала амаль палову сучаснай Беларусі, выразна адрозьнівалася ад тагачасных Кіева і Ноўгарада, і ад якой мы вядзем свой нацыянальны радавод», — значыцца ў апісаньні. ​

3D-тур па сьвеце вайсковых тапографаў

Нацыянальны гістарычны музэй прапануе зьдзейсьніць віртуальнае падарожжа па выставе «#точность. Мир военных топографов» і ўбачыць рэдкія картаграфічныя матэрыялы і дакумэнты, а таксама геадэзічныя прыборы ваенных гадоў. У экспазыцыі прадстаўлена больш за 150 прадметаў.

Новая сэрыя праекту «Шпацыр па горадзе сонца»

Музэй гісторыі гораду Менску знаёміць з «Праспэктам Незалежнасьці» праз творы беларускіх мастакоў: Уладзімера Стальмашонка, Анатоля Тычыны, Леаніда Марчанкі, Абрама Кроля, Івана Мядзьведзева, Міхаіла Чэпіка, Мая Данцыга, Рыгора Віткоўскага.

Напісаць дыктант і дапамагчы мэдыкам

Апынуцца ў школе, пасядзець за віртуальнай партай і напісаць дыктант па беларускай мове — сацыяльны праект «Агульная дыктоўка» ўпершыню пройдзе онлайн.

Трансьляцыя адбудзецца 6 чэрвеня ў жывым эфіры на YouTube, але для ўдзелу трэба зарэгістравацца тут.

За кожнага, хто напіша дыктант, будзе пералічана 5 рублёў на барацьбу з COVID-19 — на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя.

Паслухаць казкі ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай

Праект «Швэдзкія казкі беларускім дзеткам» працягваецца. Гэтым разам можна паслухаць казку Юі Вісьляндэр «Мама Му прыбірае».

«Казкі на ноч» ад Свабоднага

У межах кампаніі «Love Over Virus» Беларускі свабодны тэатар штодзень паказвае казкі на беларускай, расейскай і ангельскай мове.

А яшчэ на бліжэйшым тыдні можна паглядзець спэктаклі:

  • 6 чэрвеня — «Доля ливня», 2019 (рэжысэр Валянцін Мапацек)
  • 7 чэрвеня — «Благополучие», 2019 (рэжысэрка Юлія Шаўчук)

Усе трансьляцыі адбываюцца на канале тэатру і даступныя на працягу сутак.

За навінамі аб паказах можна сачыць у сацыяльных сетках.

Тыдзень спэктакляў ад Коласаўскага тэатру

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа працягвае трансьляцыі архіўных запісаў спэктакляў.

  • 2 чэрвеня — «Дарослыя дзеці», 2017 3 чэрвеня — «Візыт дамы», 2012
  • 4 чэрвеня — «Гэта ўсё яна», 2014 5 чэрвеня — «Зямля», 2001
  • 6 чэрвеня — «Да трэціх пеўняў», 2014 7 чэрвеня — «Залёты», 1992

Усе трансьляцыі адбываюцца тут, але час прагляду абмежаваны: ад 8 да 23 гадзіны ў дзень паказу.

«Бясьпечны LIVE» ад Арт Сядзібы

4 чэрвеня ў 20:30 адбудзецца акустычны выступ Michael Soul.

«Michael Soul — музыка і сьпявак, быў фіналістам шоў „Голос країни“, удзельнікам шоў „X-Factor“, фіналістам нацыянальнага адбору на „Эўравізію“ і галоўным фаварытам тэлегледачоў з сынглам „Humanize“. Выдаў шэраг сынглаў і 2 EP — „Inside“ і „4U“. Майкл двойчы ўзначальваў iTunes», — гаворыцца ў апісаньні падзеі.

Жывая трансьляцыя адбудзецца тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG