Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія салідарнасьці зь беларускім прафсаюзным актывістам, звольненым нямецкай фірмай, ахапіла 120 краінаў


Схема калійнага камбінату ў Любанскім раёне
Схема калійнага камбінату ў Любанскім раёне

Пашыраецца кампанія салідарнасьці з патрабаваньнем аднаўленьня на працы старшыні прафсаюзнай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалая Валадзько.

На плятформе LabourStart у падтрымку беларускага актывіста выступілі амаль 5 тысяч ягоных калегаў са 120 краін сьвету.

Грамадзкасьць патрабуе ад кіраўніцтва нямецкай кампаніі Redpath Deilmann, якая працуе на будаўніцтве шахты «Слаўкалія», неадкладна аднавіць зь ім працоўныя адносіны, правесьці атэстацыю працоўных месцаў і рэалізаваць усе захады дзеля аховы і бясьпекі працы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі беларускага заканадаўства.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), якая далучылася да кампаніі, у сваёй заяве піша, што лічыць ганебным для замежнай кампаніі, якая паходзіць з дэмакратычнай краіны, звальненьне з працы чалавека, які дамагаўся лепшых умоваў працы — дадатковых ільготаў і гарантый для сябраў незалежнага прафсаюзу.

Актывісты заклікаюць амбасаду Нямеччыны, нямецкія сродкі масавай інфармацыі, а таксама нямецкіх сацыял-дэмакратаў паўплываць на сытуацыю, якая адмоўна ўплывае на імідж ня толькі кампаніі Redpath Deilmann, а і нямецкай дзяржавы ў цэлым.

Днямі суд Любанскага раёну адмовіў былому супрацоўніку Redpath Deilmann у задавальненьні пазову аб аднаўленьні на працы. Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў у зьвязку з гэтым заявіў, што такое рашэньне — вынік 20-гадовых дзеяньняў улады, скіраваных на ператварэньне беларускіх працоўных у «бяспраўных нявольнікаў».

Сам Мікалай Валадзько перакананы, што прычынай непрацягненьня тэрміновай працоўнай дамовы стала ягоная актыўная прафсаюзная дзейнасьць.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG