Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь пісталетамі і стрэльбамі. Пад Кіевам пасьля ўзброенага сутыкненьня маршрутнікаў 3 параненыя і 10 затрыманых


Затрыманыя пасьля перастрэлкі ў горадзе Бравары, 29 траўня 2020 году

У горадзе Бравары, які знаходзіцца за 11 кілямэтраў ад гарадзкой мяжы Кіева і забясьпечвае ўкраінскую сталіцу вялікай часткай працоўнай сілы, 29 траўня раніцай адбылася вялікая перастрэлка, у якой трое атрымалі раненьні, дзесяцёх у выніку затрымалі.

Паводле відавочцаў, узброенае сутыкненьне адбылося паміж легальнымі і незаконнымі перавозчыкамі, якія выконваюць пасажырскія маршруты з Бравароў у Кіеў. Сьведкі падзеі сьцьвярджаюць, што ў страляніне бралі ўдзел ад 30 да 50 чалавек, якія выкарыстоўвалі пісталеты, карабіны і стрэльбы.

Паліцэйскія прыбылі на месца здарэньня празь некалькі хвілінаў пасьля атрыманьня паведамленьня і затрымалі 10 чалавек — усе яны прыбылі ў Бравары зь іншых рэгіёнаў Украіны. Цяпер на месцы праводзяцца сьледчыя дзеяньні, якія дапамогуць вызначыць іншых удзельнікаў перастрэлкі, а таксама абставіны і прычыны інцыдэнту. Заведзена крымінальная справа.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што перастрэлка адбылася паміж групамі, якія кантралююць пасажырскія перавозкі маршрутным транспартам, з прычыны непразрыстага разьмеркаваньня маршрутаў.

У Кіеўскай вобласьці абвясьцілі апэрацыю «Перахоп» для пошуку аўтамабіляў, на якіх удзельнікі перастрэлкі пакінулі месца сутыкненьня. Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра 5 машын.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую распаўсюджваюць дэпутаты Вярхоўнай Рады ад партыі ўлады «Слуга народу», у перастрэлцы ўдзельнічалі паліцэйскія з Віньніцкай вобласьці. Афіцыйна гэтую інфармацыю пакуль не пацьвярджаюць, у той жа час у Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны паведамілі аб звальненьні кіраўніка віньніцкай паліцыі «за грубыя недахопы ды пралікі, дапушчаныя ў службовай дзейнасьці ды ў арганізацыі працы апэратыўных падразьдзяленьняў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG