Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трапіць у шпіталь небясьпечней, чым вірус». Як жыве ў самаізаляцыі зорка Instagram Барбара Гузарэвіч


Барбара Гузарэвіч
Барбара Гузарэвіч

Даведаліся, як жыве і чым натхняецца на карантыне беларуская рэпэрка ZRABI, зорка Instagram Барбара Гузарэвіч.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла:

  • Мяне зусім не зьдзіўляе тое, што адбываецца. Напэўна, больш бы зьдзівілася, калі б было інакш, па-чалавечы.
  • Займаюся ангельскай мовай, перачытваю эканамічную тэорыю, успамінаю курс пакуль школьнай матэматыкі, неўзабаве перайду да «вышкі» — усё гэта проста для таго, каб не тупець. У
  • рэаліях сёньняшняга дня трапіць у шпіталь яшчэ больш небясьпечна, чым сам вірус. У мяне ёсьць сябры, якія ўжо перахварэлі на каранавірус дома.

«Быў пэрыяд, калі я не працавала больш за год, гэта было чымсьці падобна да майго карантыну»

— Як вы сябе адчуваеце ў самаізаляцыі?

— Я на карантыне ўжо зь сярэдзіны сакавіка. Узяла на працы водпуск за свой кошт. Не магу сказаць, што самаізаляцыя ў мяне выглядае, як зьняволеньне. Я выходжу ў краму па прадукты, але раблю гэта асьцярожна: надзяваю маску і пальчаткі. Звычайна выходжу позна вечарам, калі на вуліцы і ў краме ўжо асабліва няма людзей. Перад купляй харчоў крыху гуляю, дыхаю паветрам.

Раней у маім жыцьці быў пэрыяд, калі я не працавала больш за год, гэта было чымсьці падобна да майго цяперашняга карантыну. Але шмат часу я праводзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы і трэнажорнай залі — гэтага і не хапае, дома вельмі складана з самадысцыплінай. Таксама хочацца, каб майстры ўжо заняліся маёй скурай, валасамі і пазногцямі, бо тое, што я сама магу зрабіць дома — гэта вельмі сярэдне.

— Як пачынаецца ваш дзень? Ці прытрымліваецеся вы нейкага пляну?

Трэкер звычак Барбары Гузарэвіч
Трэкер звычак Барбары Гузарэвіч

— Вельмі дапамагае мой «Трэкер звычак», які цяпер я выкарыстоўваю як чэк-ліст дня.

У пачатку месяца я напісала ўсе справы, якімі мне трэба займацца кожны дзень, і адзначаю іх выкананьне там.

Зь дзёньніка пачынаецца кожны мой дзень. Гэта добрая магчымасьць правільна настроіцца, пераасэнсаваць свае мэты, вызначыць задачы, успомніць пра свае мары і быць гатовай для іх ажыцьцяўленьня, нягледзячы на ўсялякія пандэміі.

— Вы цудоўна выглядаеце. Як удаецца трымаць сябе ў тонусе? Як вы харчуецеся? Дазваляеце сабе ўсё ці, наадварот, абмяжоўваеце ў нечым?

— Мэню ў мяне кожны дзень амаль аднолькавае: ем грэчку раніцай, потым суп на курыным булёне і грэцкую салату. Часам магу запячы ласося ці курыцу. П’ю больш за два літры чыстай вады за дзень. Салодкага і мучнога нічога не купляю, дома ёсьць толькі сушаныя фінікі, горкі шакаляд і рысавыя хлебцы. Звычайнай гарбаты таксама ня п’ю — аддаю перавагу зёлкам.

Безумоўна, я трэнуюся дома і займаюся расьцяжкай. Але мне вельмі не хапае кардыянагрузак, хочацца бегаць і скакаць!

Тут мне крыху дапамагаюць танцы, я іх, дарэчы, вельмі люблю. Уключаю плэйліст «Hip-hop replay», станаўлюся каля люстэрка і танчу, асабліва працую цяпер над твэрк-элемэнтамі. Гэта вельмі складана: 30 сэкундаў твэркаць для мяне — па адчуваньнях роўна таму, што прабегчы хутка 5 кілямэтраў!

На карантыне спорту стала больш, ды і добра харчавацца стала лягчэй. Бо калі працую, мне наогул не хапае часу, даводзіцца часта замаўляць ежу, я амаль не гатую. Такім чынам, расходны артыкул на ежу з рэстаранаў пакуль зьнік.

«У маім жыцьці ўсё добра, я шчасьлівы і ўдзячны чалавек»

— Чым займаецеся на карантыне? Чаму новаму навучыліся за гэты час?

— Нарэшце дачытала «Ганну Карэніну». Узялася за сябе комплексна: як за разумовае, так і за фізычнае разьвіцьцё. Займаюся ангельскай мовай, перачытваю эканамічную тэорыю, успамінаю курс пакуль школьнай матэматыкі, неўзабаве перайду да «вышкі» — усё гэта проста для таго, каб не тупець. Таксама ў мяне ёсьць фартэпіяна, якое я вельмі люблю. У асноўным я граю клясычныя п’есы, гэта дае нейкае пачуцьцё супакою. Вечарамі пераглядаю фільмы з Брыжыт Бардо, натхняюся яе прыгажосьцю, жаноцкасьцю і натурыстым характарам. Кажуць, што яна так арганічна выглядае ў кіно, бо заўсёды грае саму сябе. З гэтым складана не пагадзіцца.

— Чаго найбольш не хапае?

— У прынцыпе, мне камфортна сам-насам з сабой. Але, як і любому чалавеку, маю патрэбу ў соцыюме. Хочацца пайсьці з сяброўкай на каву, пагутарыць на свае жаночыя тэмы. Дрэннага настрою ў мяне няма, і натхненьня таксама няма. Усё неяк нэўтральна: жыцьцё як простая лінія цяпер. На жаль, мая творчасьць пакуль на паўзе. Працую над дзьвюма песьнямі, але не пасьпяхова. Хатняя атмасфэра зусім не спрыяе стварэньню новага.

— Дзе шукаць сілы?

— Мне здаецца, сілы цяпер патрэбны мэдыкам; тым, хто хварэе, і іхным сваякам; тым, хто страціў працу і ня мае грошай, каб жыць. Я ня думаю, што магу даваць парады такім людзям: у маім жыцьці ўсё добра, я шчасьлівы і ўдзячны чалавек. Безумоўна, галоўнае правіла, актуальнае для ўсіх і заўсёды — гэта ніколі не апускаць рук і не здавацца.

«Калі краіна ня мае грошай на карантын, можна для пачатку добра праінфармаваць насельніцтва»

— Ці баіцеся вы захварэць?

— Я стараюся пра гэта не думаць, а проста рабіць усё магчымае, каб не захварэць на COVID-19, выконваю рэкамэндацыі для папярэджаньня распаўсюджаньня гэтага каранавірусу. Абстрактна заразіцца я не баюся, але ў рэаліях сёньняшняга дня трапіць у шпіталь яшчэ небясьпечней, чым сам вірус. У мяне ёсьць сябры, якія ўжо перахварэлі на каранавірус дома, але яны жывуць у Маскве.

За навінамі амаль не сачу, прагортваю раз на некалькі дзён. Ведаю, што нічога добрага не прачытаю. Дык навошта выпрабоўваць лёс? Калі выходжу з дому, заўсёды надзяваю маску і пальчаткі. Калі прыходжу, выкідаю іх у сьметніцу, мыю рукі, дэзынфікую тэлефон і навушнікі. Па-за домам стараюся лішні раз нічога не чапаць, асабліва твар, трымаю дыстанцыю, стараюся не набліжацца да іншых людзей. Пакуль дапамагае.

— Як вы ацэньваеце захады, якія прымаюцца ў Беларусі і сьвеце? Што варта зьмяніць?

— Увесь інтэрнэт завалены мэмамі і відэа з цытатамі прэзыдэнта. І ўжо ніхто сур’ёзна да афіцыйнай пазыцыі не ставіцца. У людзей гэта выклікае ці ўсьмешку, ці агіду, ці ўсё разам. Мяне зусім не зьдзіўляе тое, што адбываецца. Напэўна, больш я б зьдзівілася, калі было б інакш, па-чалавечы.

Калі краіна ня мае грошай на карантын, можна было б для пачатку добра праінфармаваць насельніцтва, што такое COVID-19, што такое пандэмія, чаму трэба прымаць меры і якія захады можа рабіць кожны чалавек асабіста. А казаць: «Я вірусаў ня бачу» — гэта цемрашальства. Так што і рэакцыя грамадзтва, якое ня вельмі сур’ёзна ўспрымае ўсю гэту гісторыю зь вірусам, лягічная.

Было б нядрэнна, калі б нашы людзі менш глядзелі тэлевізію ці наогул не прысьвячалі час дзяржаўным СМІ. А больш цікавіліся, як з праблемай змагаюцца разьвітыя краіны. Думалі пра тое, каб зрабіць сьвет лепшым, а не зваліць усе беды на тэорыі змоваў і чыпы Гейтса.

— Што зробіце, як толькі пандэмія скончыцца?

— Раней хацелася больш быць дома, а цяпер мару: калі ўсё скончыцца, надзену прыгожую сукенку, вазьму сяброўку пад руку — і ў бар, піць шампанскае і танчыць. Такіх жаданьняў у мяне не было ўжо некалькі гадоў!

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG