Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымка Лукашэнкі на выбарах з боку РФ малаімаверная, але гуляць супраць яго ня будуць, — расейскі паліттэхноляг


Ці ўсё перадвызначана на сёлетніх выбарах у Беларусі? Якую пазыцыю зойме Масква? Якія шанцы і на што маюць Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аднаго з самых вядомых расейскіх паліттэхнолягаў Яўгена Мінчанкі.

Яўген Мінчанка
Яўген Мінчанка

— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на выбарах у Беларусі сёлета? Якая імавернасьць, што прэзыдэнтам так ці інакш стане не Аляксандар Лукашэнка?

— Складана меркаваць. Няма дакладнай сацыялёгіі. Мы нічога ня ведаем пра рэйтынгі Лукашэнкі і яго апанэнтаў. Але, зыходзячы з ацэнкі сытуацыі, магу выказаць здагадку, што гэтыя выбары ня стануць лёгкай прагулкай.

— Як вы ацэньваеце новых, нечаканых кандыдатаў на беларускіх выбарах — былога чыноўніка Валера Цапкалу і былога банкіра Віктара Бабарыку? Ці маюць яны шанцы калі не на перамогу на выбарах, то хаця б на тое, каб стаць лідэрамі, тварам беларускай альтэрнатывы?

— Шанцы, напэўна, ёсьць. Але яны невялікія. Не выключаю, што абодва гэтыя гульцы на нейкім этапе будуць інкарпараваныя ў каманду Лукашэнкі.

— Тое ж пытаньне пра блогера Сяргея Ціханоўскага. Ягонай ініцыятыўнай групы не зарэгістравалі, так што кандыдатам у прэзыдэнты ён ня стане. А кім можа стаць?

— Гэта таран. Інструмэнт расхістваньня сытуацыі. Можна праводзіць аналёгіі з Аляксеем Навальным у Расеі ці Анатолем Шарыем ва Ўкраіне. Але ў Навальнага большая палітычная вага, а Шарый больш яскравы шоўмэн.

— Цяпер стасункі паміж Лукашэнкам і Крамлём даволі напружаныя. Менск выгнаў журналіста «Первого канала» расейскай ТВ, працягваюцца спрэчкі наконт цаны на газ, Беларусь упершыню купіла партыю амэрыканскай нафты, што яшчэ ў лютым прапанаваў Беларусі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Як павядзе сябе Масква ў выбарчай кампаніі гэтага году ў Беларусі?

— Актыўная падтрымка Лукашэнкі ў гэтых умовах малаімверная. Але гуляць супраць яго Масква ня будзе. Няма альтэрнатыўнага кандыдата. Бабарыка такім не зьяўляецца. Ідэалягічна гэта тыпаж, блізкі да Парашэнкі. І шанцы яго выглядаюць прывіднымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG