Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івацэвічах жанчыну асудзілі праз 15 гадоў пасьля забойства нованароджанага сына 


Берасьцейскі абласны суд абвясьціў вырак жыхарцы Івацэвіцкага раёну, абвінавачанай у забойстве свайго нованароджанага сына, паведамляе БелТА.

Цела немаўляці знайшлі ў лістападзе 2005 году на сьметніку. Судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што хлопчык нарадзіўся жывым. Асобу яго маці тады вызначыць не ўдалося, толькі мінулай восеньню экспэрты атрымалі для дасьледаваньня ўзоры ДНК 37-гадовай жыхаркі Івацэвіцкага раёну.

Згодна з вынікамі генэтычнай экспэртызы, дзіця прызналі ейным. Сьледчыя высьветлілі, што жанчына перакрыла хлопчыку дыхальныя шляхі, у выніку ён памёр. Затым яна паклала цела ў пакет і выкінула ў кантэйнэр для сьмецьця каля дома.

Суд прызнаў фігурантку крымінальнай справы вінаватай паводле п. 2 ч. 2 арт.139 Крымінальнага кодэксу — забойства малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане. Яна асуджаная на 10 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сваёй віны жанчына не прызнала. Падчас судовага сьледзтва яна заявіла, што момант забойства ня памятае. Прысуд можа быць абскарджаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG