Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выйдзі на сувязь з прыродай!» Зьявіўся ўнікальны тэлефонны праект «Аховы птушак Бацькаўшчыны»


Дразды. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь стала першай краінай у сьвеце, дзе ў птушак зьявіліся пэрсанальныя нумары тэлефонаў, паведамляе грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая разам з кампаніяй А1 прапануе людзям «выйсьці на сувязь з прыродай» у літаральным сэнсе.

Каб пачуць сьпевы розных птушак, дастаткова патэлефанаваць па спэцыяльных нумарах:

Уласныя нумары зьявіліся ў вялікага голуба, малінаўкі, шчыгла, салаўя, гіля, чорнага дразда, берасьцянкі, сіняй сініцы, крапіўніка, шэрай кугакаўкі. Гэта самыя распаўсюджаныя ў Беларусі і самыя пазнавальныя птушкі, якіх можна пабачыць у парках, а часам і проста з вакна сваёй кватэры. Многія раней чулі гэтыя галасы, але ня ўсе ведалі, каму яны належаць.

«У Беларусі 332 віды птушак, 70 зь іх уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Птушкам патрэбная ўвага, дапамога і абарона. Мы ўпэўненыя, што гэты сэрвіс будзе нагадваць пра каштоўнасьць дзікай прыроды. Больш за тое, такія званкі будуць цікавыя і на ўроках біялёгіі ў школах», — адзначае Натальля Саракавік, спэцыялістка АПБ па акцыях і кампаніях.

Перад тым як праз тэлефон загучыць голас птушкі, вас павітаюць «птушыныя сакратары». Імі выступілі акторы Купалаўскага тэатру Раман Падаляка і Крысьціна Дробыш.

«Мы лічым вельмі важнымі экасьвядомасьць і беражлівае стаўленьне да прыроды. А „званкі птушкам“ даносяць гэты мэсыдж да беларусаў усіх узростаў у цікавай і захапляльнай форме. Таму мы з радасьцю адгукнуліся на прапанову АПБ», — расказвае кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.

Праект «Выйдзі на сувязь з прыродай» зьявіўся дзякуючы ініцыятыве «Крэатон». Яна аб’ядноўвае крэатараў, дызайнэраў, мэнэджараў і стратэгаў і мае на мэце дапамагчы сацыяльным ініцыятывам заявіць пра сябе ў грамадзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG