Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі адмовіліся будаваць мачту для сьцяга за 600 тысяч даляраў, супраць якой пратэставалі гараджане


Ілюстрацыйнае фота

21 траўня стала вядома, што гомельскія ўлады адмовіліся ад будаўніцтва на плошчы Леніна мачты для сьцяга за 600 тысяч даляраў.

Жыхароў Гомля абурылі пляны ўладаў, і яны стварылі пэтыцыю, якую падпісалі звыш 4 тысяч чалавек. Інфармацыю, што мачты для сьцяга ня будзе, пацьвердзілі БелаПАН у аблвыканкаме.

Навіна пра пляны будаваць тронец для дзяржаўнага сьцяга за 1,5 мільёна беларускіх рублёў зьявілася ў канцы 2019 году. Яго меркавалася зрабіць вышынёй 60 мэтраў, усяго на 10 мэтраў ніжэйшы, чым у Менску.

Памер адпаведнага палотнішча меў скласьці 12 на 6 мэтраў. Высокі кошт будаўніцтва і сумневы ў яго мэтазгоднасьці і законнасьці (у ахоўнай зоне палацава-паркавага ансамблю) выклікалі грамадзкае абурэньне.

Пэтыцыя супраць тронца набрала больш за 4 тысячы подпісаў. Але адказ з аблвыканкаму быў такі:

«Будаўніцтва не падлягае грамадзкаму абмеркаваньню». Падчас «гарачай лініі» чыноўнікі аблвыканкаму адказалі на пытаньне пра мачту для сьцяга такім чынам: «Яна патрэбна для павелічэньня патрыятызму ў гамяльчан».

«Увага грамадзтва не дала гэтага зрабіць. Калі б не было ўсяго гэтага шуму, калі б людзі не пісалі масава скаргі з указаньнем на парушэньне законаў, то мачту для сьцяга пабудавалі б, як і „залатыя прыбіральні“ на набярэжнай. А ў выпадку з мачтай было напісана шэраг калектыўных скаргаў у інстанцыі. Чакаем, калі будуць прыцягнуты да адказнасьці службовыя асобы, якія прымалі рашэньне аб гэтым будаўніцтве», — пракамэнтаваў Свабодзе архітэктар Сяргей Ляпін, адзін са складальнікаў пэтыцыі супраць тронца для сьцяга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG