Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя САЗ падтрымала расьсьледаваньне ў сувязі з пандэміяй. Відэа


Гендырэктар САЗ Тэдрас Гэбрэесус

Канфэрэнцыя Сусьветнай арганізацыі здароўя на ўзроўні міністраў аховы здароўя падтрымала рэзалюцыю, у якой гаворыцца аб неабходнасьці старанна расьсьледаваць меры, прынятыя рознымі краінамі сьвету ў адказ на пандэмію каранавіруснай інфэкцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Праект рэзалюцыі быў прапанаваны Эўразьвязам пры падтрымцы больш як 100 краінаў, у тым ліку Кітаю і Расеі. Ён быў прыняты без фармальнага галасаваньня, ні адна краіна, у тым ліку і ЗША, не выступіла з пярэчаньнямі.

У дакумэнце ўтрымліваецца заклік правесьці «непрадузятую, незалежную і ўсебаковую ацэнку» міжнароднай рэакцыі на распаўсюд каранавірусу. Пры гэтым у ім няма заклікаў высьветліць акалічнасьці зьяўленьня віруса і ня згадваецца Кітай як краіна, дзе новы вірус быў упершыню выяўлены.

Нарада САЗ праходзіла ў фармаце відэаканфэрэнцыі на працягу двух дзён. Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў пандэмію самым сур’ёзным выклікам нашага часу і падкрэсьліў, што пакуль не ўдалося знайсьці дзейсных сродкаў падаўленьня пандэміі. Па ягоных словах, «розныя краіны ўжываюць розныя, часам спрэчныя стратэгіі супраць распаўсюджваньня вірусу». Ён сказаў, што чалавецтву даводзіцца плаціць цяжкую цану за невыкананьне рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Адзін з самых актыўных крытыкаў САЗ у сувязі з пандэміяй — прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У Вашынгтоне лічаць, што Пэкін хаваў сапраўдныя маштабы і тэмпы распаўсюджваньня эпідэміі. Кіраўніцтва САЗ, на думку амэрыканскіх уладаў, сьлепа верыла дадзеным, што паступалі з Пэкіну, і ня здолела ацаніць сурʼёзнасьць пагрозы.

У аўторак Трамп заклікаў САЗ на працягу трыццаці дзён «палепшыць сваю працу». Калі гэтага не адбудзецца, ЗША могуць перагледзець сваё сяброўства ў арганізацыі і зрабіць часовае прыпыненьне яе фінансаваньня сталым.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG