Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Насуперак цёплым дачыненьням з Расеяй». Украінскі экспэрт ацаніў пераўзбраеньне беларускай арміі


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»

Мадэрнізацыя і пераўзбраеньне беларускага войска адбываецца ў адпаведнасьці з сучаснымі тэндэнцыямі, і найперш у супрацьпаветраных войсках.

«У той час як Украіна мадэрнізуе і рамантуе савецкую тэхніку, мінімальна закупляючы новую зброю, яе непасрэдныя суседзі імкліва разьвіваюць сучасныя тэндэнцыі», — напісаў у сваім артыкуле вайсковы экспэрт Дзьмітры Бадрак.

Кіеўскі экспэрт зьвярнуў асаблівую ўвагу на тое, што з 2019 году беларускі вайскова-прамысловы комплекс актывізаваў разьвіцьцё такіх напрамкаў, як ракетабудаўніцтва, стралковая зброя, бесьпілётныя лятальныя апараты і наземныя сыстэмы:

«Некаторыя навінкі былі прадэманстраваныя на выставах узбраеньняў, а сродкі масавай інфармацыі акцэнтавалі на новых распрацоўках. У прыватнасьці, на рабатызаваным комплексе „Берсерк“, які ўзброены двума чатырохствольнымі кулямётамі калібру 7,62 мм з хуткасьцю стральбы да 12 тысяч стрэлаў у хвіліну. Навінка, як сьцьвярджаюць распрацоўшчыкі, здольная зьбіваць дроны патэнцыйнага праціўніка».

Дзьмітры Бадрак таксама адзначыў, што ў Беларусі акцэнтуюць увагу на мадэрнізацыі сродкаў супрацьпаветранай абароны:

«Сярод навінак — зэнітна-ракетныя комплексы сярэдняй далёкасьці „Бук-МБ3К“, якія паводле выведных, агнявых і манэўравых магчымасьцяў не саступаюць сучасным аналягічным узорам. Усё гэта робіцца, нягледзячы на „цёплыя“ дачыненьні з Расеяй».

У спэцыялізаваных украінскіх СМІ адзначылі, што на вайсковым парадзе ў Менску дэманстравалася ня толькі мадэрнізаваная савецкая тэхніка, а і ўласныя распрацоўкі, у тым ліку ЗРК «Бук-МБЗК», супольныя беларуска-кітайскія бронемашыны, ракетныя комплексы «Палянэз» і «БелГрад».

Паводле дадзеных Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), усясьветныя вайсковыя выдаткі ў 2019 годзе вырасьлі да $1,9 трыльёна.

Вайсковыя выдаткі павялічыліся на 3,6% у параўнаньні з 2018 годам — найбольшы гадавы прырост з 2010 году. Злучаныя Штаты Амэрыкі, Кітай, Індыя, Расея і Саудаўская Арабія ўвайшлі ў першую пяцёрку краін з найбуйнейшымі вайсковымі выдаткамі ў сьвеце.

На іх прыпала 62% усясьветных выдаткаў. Упершыню ў топ-3 краін адначасова трапілі дзьве краіны Азіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG