Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыя за санкцыі супраць расейскага тэлевядоўцы Салаўёва сабрала 230 тысяч подпісаў 


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў журналіста Ўладзіміра Салаўёва.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў журналіста Ўладзіміра Салаўёва.

Пэтыцыя за ўнясеньне расейскага тэлевядоўцы Ўладзіміра Салаўёва ў «сьпіс Магніцкага» з забаронай уезду на тэрыторыі Эўразьвязу і ЗША, а таксама супраць наданьня яму італьянскага грамадзянства сабрала на плятформе Change.org 230 тысяч подпісаў.

Пэтыцыя на італьянскай мове была апублікаваная летась у кастрычніку праваслаўным сьвятаром-эмігрантам айцом Сергіем. Аўтар зьвярнуўся да міністаркі ўнутраных спраў Італіі Лючаны Лямарджэзэ і італьянскага народу, напісаўшы, што «Салаўёў сваёй агрэсіўнай рыторыкай заахвоціў шмат маладых людзей да ўступленьня ў шэрагі прыватных вайсковых частак і ўдзелу ў братазабойчых войнах ва Ўкраіне і Сырыі».

«Ягоныя заявы поўныя ксэнафобіі і экстрэмізму, але застаюцца беспакаранымі з прычыны яго блізкасьці да дыктатарскага рэжыму Пуціна... Салаўёў, купіўшы нерухомасьць у Італіі і маючы тут від на жыхарства, вядзе прапаганду па расейскай тэлевізі супраць дэмакратычных каштоўнасьцяў Эўразьвязу», — адзначыў сьвятар.

Афіцыйныя прадстаўнікі італьянскіх уладаў пэтыцыі не камэнтавалі. Сам Уладзімір Салаўёў заявіў, што дакумэнт не ўяўляе для яго аніякай цікавасьці.

Пра тое, што ва ўласнасьці Салаўёва знаходзяцца дзьве вілы на італьянскім возеры Кома, адна зь якіх каштуе больш за 1 мільён эўра, а таксама аб наяўнасьці ў яго віду на жыхарства ў Італіі, паведамлялася ў расьсьледаваньні расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG