Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл адхіліў ад кіраваньня двух япіскапаў РПЦ


Патрыярх Кірыл

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл у панядзелак часова адхіліў а Армавірскага і Лабінскага Ігнація (Бузіна) і япіскапа Кастамуцкага і Кемскага Ігнація (Тарасава) ад кіраваньня эпархіямі да разгляду іх спраў у царкоўным судзе. Пра гэта паведамляецца на сайце Маскоўскага патрыярхату.

Ва ўказе патрыярха гаворыцца пра «паведамленьні, якія зьмяшчаюць дакумэнтальна аргумэнтаваныя абвінавачаньні ў адрас вышэйзгаданых архірэяў у царкоўных правапарушэньнях, несумяшчальных з далейшым кіраваньнем эпархіямі». Разгляд абвінавачаньняў перададзены ў Найвышэйшы агульнацаркоўны суд.

Архірэяў адхіляюць ад пасады даволі рэдка. Такія рашэньні мае права прымаць Сынод РПЦ, а не патрыярх аднаасобна. Аднак у выпадку, калі справа супраць япіскапаў перадаецца ў царкоўны суд, патрыярх можа прызначыць часовых кіраўнікоў у іхнія эпархіі, а іх саміх адхіліць.

Пра сутнасьць абвінавачаньняў ва ўказе патрыярха не сказана.

5 траўня выданьне Credo паведаміла, што ў інтэрнэце распаўсюджваюцца матэрыялы, якія ганьбяць япіскапа Кастамуцкага, у прыватнасьці, «фатаздымкі пікантнага зьместу і сьведчаньні гомасэксуальнай актыўнасьці клірыкаў эпархіі». Падобныя ж абвінавачаньні вылучаліся і ў адрас япіскапа Армавірскага на шэрагу сайтаў і ў сацсетках.

Яшчэ да свайго адхіленьня Ігнацій (Тарасаў) пракамэнтаваў абвінавачаньні, заявіўшы, што гаворка ідзе пра «змову» супраць яго. У казані 17 траўня ён сказаў, што галоўная мэта заказчыкаў — дамагчыся, каб людзі перасталі хадзіць у храмы.

У канцы 1990-х гадоў Тарасаў быў памочнікам прарэктара Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі па выхаваўчай працы, і студэнты яго крытыкавалі. Сьцьвярджаецца, што ў час яго пасьвячэньня ў сан студэнты пачалі выкрыкваць «анаксіяс» (ня варты).

У 2015 годзе япіскап Армавірскі, кіруючы аўтамабілем Land Cruiser, трапіў у аварыю, у выніку якой пасажырка машыны атрымала пералом хрыбетніка. Справа скончылася прымірэньнем бакоў, — піша «Медуза».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG