Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ занізіла лічбы прагляду стрыму Свабоды з параду ў 10 разоў


Парад у Менску, 9 траўня

Радыё Свабода зноў апынулася ў цэнтры абмеркаваньня «Клюбу рэдактараў» на Беларускім тэлебачаньні.

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, вядоўца «Клюбу рэдактараў» Іван Эйсмант агучыў лічбы: стрым з параду на Радыё Свабода паглядзелі … 275 чалавек.

Насамрэч, стрым з параду на канале Радыё Свабода на Youtube паглядзелі 39 тысяч ужывую, і больш за 30 тысяч пасьля. Адначасова глядзелі каля 2500 чалавек, максымальная лічба праглядаў сягала 3390 чалавек аднамомантна.

Такім чынам БТ занізілі праглядальнасьць стрыму на адным Youtube у 10 разоў. А стрым паралельна ішоў на Facebook, VKontakte, i Odnoklassniki.

«Мы абмяркоўваем мэдыйны эфэкт ад падзеяў – палітычных, эканамічных, спартовых. Але працавалі і нашы апанэнты на парадзе. Прырода настолькі ачысьцілася, што Радыё Свабода зь «Белсатам» прыйшлі на парад. Праўда, за плот яны не зайшлі. Як мне падалося, мэта была адна», – кажа Іван Эйсмант.

Якая – спадар Эйсмант спачатку не расшыфраваў. І прапанаваў паглядзець стрым Радыё Свабода і Белсату.

«Карыстаўся ён вялікай папулярнасьцю: за 15 хвілін 275 – не мільёнаў, а проста 275 праглядаў. Мэта была адна: «Скажыце, хто вас туды загнаў і навошта вам гэта ўсё? Вы ж бачыце: пандэмія».

І затым па БТ паказалі больш за 2,5 хвіліны стрыму Свабоды. Кіраўнік Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімер Пярцоў назваў гэта «журналісцкім правалам».

Эйсмант перабіў: «Давайце ня будзем абмяркоўваць, мы проста далі магчымасьць гледачам паглядзець тое, што яны насамрэч не глядзелі».

Жывы эфір «Клюбу рэдактараў» на Youtube, у момант абмеркаваньня стрыму Свабоды, глядзелі 3 асобы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG