Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі ганарыўся, што нашая сям’я дапамагае мэдыкам» — маці расказвае пра загінулага гукарэжысэра Максіма Гаўрыленку


Максім Гаўрыленка
Максім Гаўрыленка

26-гадовы гукарэжысэр Максім Гаўрыленка загінуў у аварыі 14 траўня разам з рэжысэрам Уладзімерам Міхайлоўскім. Рэжысэрка Любоў Зямцова, якая была зь імі ў машыне, цяпер у цяжкім стане ў рэанімацыі менскай бальніцы хуткай дапамогі.

Дакумэнталісты здымалі фільм пра валянтэрскую дапамогу ў Беларусі і самі развозілі па шпіталях сродкі аховы для мэдыкаў. У гэты дзень яны вярталіся з адной з такіх паездак.

«Ён быў вельмі ўражаны гэтай дзейнасьцю, яна займала ягоныя думкі, — расказвае пра сына Кацярына Гаўрыленка. — Я каардынавала BYCOVID19 у Магілёве, пакуль мой бізнэс стаяў. А ён якраз прыяжджаў да нас дахаты. Мы з Максам езьдзілі па горадзе, я яму пра ўсё расказвала.

Ён вельмі натхніўся і кажа: „Трэба здымаць кіно! Трэба знайсьці кагосьці!“ А на наступны дзень пазваніў мне і кажа: „Уяўляеш, хлопцы ўжо зьбіраюцца здымаць такое кіно, і яны мяне знайшлі!“.

Ён быў вельмі рады, што зможа асьвятліць гэта. Вельмі ганарыўся тым, што нашая сям’я ўдзельнічае ў гэтай дапамозе. Яму было вельмі цікава на здымках, вельмі высока цаніў гэтую дзейнасьць».

Максім нарадзіўся і вырас у Магілёве, вучыўся ў машынабудаўнічым каледжы, скончыў Акадэмію мастацтваў у Менску.

«Нават ня ведаю, як ён захапіўся кіно, — расказвае маці Кацярына. — Але ўжо на вакацыях, калі вучыўся ў каледжы, падпрацоўваў на здымачных пляцоўках. Яму спадабалася. Ён самастойна падрыхтаваўся і зь першага разу паступіў у Акадэмію мастацтваў. Ён бясконца любіў сваю працу, увесь час удзельнічаў у здымках падчас вучобы. Калі ён скончыў Акадэмію, у яго ўжо быў добры багаж фільмаў».

Па спэцыяльнасьці Максім гукарэжысэр. Ён шмат займаўся музыкай, граў у музычных гуртах.

«Ён вельмі добра разьбіраўся ў тым, што ён робіць. Стварыў свой брэнд Red Beard Sound Prod. Ён пэўны час хадзіў з чырвонай барадой, таму і брэнд так называўся, https://vk.com/rbsprod, — расказвае Кацярына. — Максім вельмі добры музыка. Ён у восьмай клясе вырашыў, што хоча граць на гітары. І за адны восеньcкія вакацыі навучыўся. У яго пальцы былі ў крыві, але ён ужо граў. У Магілёве ён граў у гурце „Паліарх“, а другая група называецца „Шызааналіз“. Яны пісалі альбом, разьвіваліся, ён пісаў музыку. Ён вельмі творчы чалавек зь дзяцінства».

Кацярына кажа, што Максім быў вельмі незвычайным дзіцём і «найлепшым у сьвеце» братам для сястры.

«Сябры ягоныя ўвесь дзень тэлефануюць і пішуць з розных краін. Усе ў шоку. У яго вельмі шмат сяброў. Усе яго любяць, — кажа Кацярына Гаўрыленка. — Ён проста вельмі спакойны, і разумны. І мудры. Ціхі, але вельмі глыбокі».

Вядомая беларуская рэжысэрка Ўлада Сянькова, над фільмамі якой працаваў Максім, кажа пра яго так:

«Максім быў рэдкім чалавекам. Чыстым, сьветлым, цёплым, добрым і вельмі таленавітым. Ён адчуваў кіно на нейкім несьвядомым узроўні. Ён працаваў вельмі шмат, не шкадуючы сябе, дзеля таго, каб адбылося Кіно. Здаецца, ён пасьпеў папрацаваць ледзьве не з кожным маладым беларускім рэжысэрам. І ён зрабіў вельмі шмат для таго, каб нашы фільмы мелі душу і сэрца. Гэта невыносная і вельмі горкая страта для маладога беларускага кіно».

Разьвітаньне з Максімам Гаўрыленкам пройдзе 16 траўня ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG