Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by: Затрымалі гендырэктара «Магілёўліфтмаша»


Барыс Кавалеўскі

Затрыманы генэральны дырэктар прадпрыемства «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня» і экс-дэпутат Барыс Кавалеўскі. Пра гэта Tut.by паведамілі некалькі не зьвязаных адна з адной крыніц. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманьне зьвязана з карупцыяй і пастаўкамі ліфтаў у Расею.

Сакратарка гендырэктара Алена Доўгушава сказала, што Барыс Кавалеўскі «ўжо каля тыдня на бальнічным». І калі вернецца на працу — невядома.

Пры гэтым супрацоўнікі прадпрыемства і іншыя крыніцы, так ці інакш зьвязаныя з «Магілёўліфтмашам» і Кавалеўскім, сьцьвярджаюць, што Барыса Віктаравіча затрымалі 4 траўня з доказамі злачынства, гэта значыць пры атрыманьні або перадачы хабару. Крыніцы таксама кажуць пра затрыманьне «па гэтай справе» 12 чалавек.

На дадзены момант Сьледчы камітэт «не валодае якой-небудзь інфармацыяй» пра затрыманьне Кавалеўскага, паведамілі Tut.by у СК. Афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш таксама «ня змог пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю» пра затрыманьне Кавалеўскага.

Барысу Кавалеўскаму 57 гадоў, ён родам з Грузіі. Пачынаў працаваць электраманцёрам на Аршанскім заводзе лёгкага машынабудаваньня. У 2014 годзе Лукашэнка прызначыў Кавалеўскага гендырэктарам холдынгу «Магілёўліфтмаш», у склад якога ўваходзяць тры прадпрыемствы ў Магілёве («Магілёўліфтмаш», «Зэніт» і «Электрарухавік») і завод «Ветразь» у Бягомлі Віцебскай вобласьці. Кавалеўскі быў членам Савета Рэспублікі 6-га скліканьня ў 2016–2019 гадах.

Месяц таму пракуратура паведамляла пра крымінальную справу па падазрэньні ў халатнасьці ў дачыненьні да начальніка аддзела маркетынгу «Магілёўліфтмаша» — за тое, што той не ацаніў добранадзейнасьць партнэра — беларуска-расейскага сумеснага прадпрыемства па зборцы ліфтавага абсталяваньня «Магілёўліфтмаш-Усолье», якое зьявілася ў выніку пагадненьня Беларусі і Іркуцкай вобласьці ў 2018 годзе. Паводле пракуратуры, Іркуцкае прадпрыемства запазычылася магілёўскаму каля 1,31 мільёнаў рублёў. Даўжнiк у выніку разьлічыўся, але крымінальную справу ў дачыненьні начальніка аддзела маркетынгу ўсё роўна працягнулі расьсьледаваць.

У 2019 годзе «Магілёўліфтмаш» сумесна з расейскімі партнэрамі наладзіў у Колпіна пад Санкт-Пецярбургам выпуск ліфтавага абсталяваньня. У першы год кампанія «МЛМ Невский лифт» плянавала вырабляць да 1 тысячы ліфтаў, а да канца 2020 году — да 2 тысяч.

«Магілёўліфтмаш» — вядучы вытворца ліфтавага абсталяваньня ў СНД. Выпускае пасажырскія, грузавыя, грузапасажырскія, бальнічныя, катэджныя і нестандартныя ліфты, а таксама пад’ёмнікі, эскалятары, ліфтавае абсталяваньне і запасныя часткі для рамонту і інш, робіць замену і мадэрнізацыю старых ліфтаў. Прадпрыемства заснаванае ў 1966 годзе. У 2019 годзе на прадпрыемстве працавала больш за 4,5 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG