Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці «зламаюць сыстэму» сыстэмныя кандыдаты Бабарыка і Цапкала?


Ці «зламаюць сыстэму» сыстэмныя кандыдаты Бабарыка і Цапкала?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:24:21 0:00

Сымптомам чаго зьяўляюцца такія кандыдаты ў прэзыдэнты, як Бабарыка і Цапкала? Навошта яны ідуць на выбары, няўжо яны не баяцца лёсу Аляксандра Казуліна? Ці будуць альтэрнатыўныя кандыдаты на гэтых выбарах зь неабходнасьцю прарасейскімі?

Сымптомам чаго зьяўляюцца такія кандыдаты ў прэзыдэнты, як Бабарыка і Цапкала? Навошта яны ідуць на выбары, няўжо яны не баяцца лёсу Аляксандра Казуліна? Ці будуць альтэрнатыўныя кандыдаты на гэтых выбарах зь неабходнасьцю прарасейскімі?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

Вылучэньне адразу Цапкалы і Бабарыкі сьведчыць пра тое, што ня толькі грамадзтва, але і частка кіроўнай эліты стамілася ад Лукашэнкі.

Я скептычна стаўлюся да такой вэрсіі, што Бабарыка — гэта кандыдат Расеі.

Удзел у кампаніі — гэта такі палітычны капітал, які кандыдаты паспрабуюць выкарыстаць далей. А ці ня можа атрымацца так, што пасьля перамогі на выбарах (фантастычная вэрсія) той жа Бабарыка ці Цапкала пачнуць яшчэ больш дыстанцыявацца ад Расеі, чым Лукашэнка?

Цыганкоў

Адразу два спойлеры відавочна не патрэбныя.

За 26 гадоў панаваньня Лукашэнка, здаецца, даказаў, што тонкая палітычная гульня — не зусім ягоны стыль.

Матывацыя можа быць ня толькі рацыянальная — авантурызм, рамантызм, жаданьне любым коштам увайсьці ў гісторыю.

Калі Лукашэнка зараз мае праблемы з Расеяй, гэта не абавязвае ягоных супернікаў бегчы наперад у сваёй прарасейскасьці.

Дракахруст: Чарговая сэнсацыя выбарчай кампаніі — Віктар Бабарыка, старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» (цяпер ужо былы), абвясьціў, што вылучаецца ў прэзыдэнты Беларусі. Ён пайшоў у адстаўку з пасады кіраўніка аднаго з сыстэмаўтваральных банкаў краіны. Гэта не апазыцыянэр, не НДАшнік, гэта адзін са «слупоў» існай у Беларусі сыстэмы. Што азначае вылучэньне Бабарыкі, асабліва з улікам яго надзвычайнай мэдыйнай актыўнасьці ў апошнія месяцы?

Карбалевіч: Я б разглядаў вылучэньне Віктара Бабарыкі ў сукупнасьці з вылучэньнем Валерыя Цапкалы. Хацеў бы зьвярнуць увагу вось на што.

Упершыню з 2006 году, з часоў Аляксандра Казуліна, прадстаўнікі кіроўнай намэнклятуры адважыліся прыняць удзел у выбарчай кампаніі. У выбарах 2010–2015 гадоў яны ня ўдзельнічалі. А вось цяпер адразу двое — дуплетам. Гэта вельмі знамянальная прыкмета таго, што ў краіне пачаліся нейкія працэсы. Адна справа — падзеньне даверу насельніцтва да ўлады, якое прыняло даволі вялікія маштабы. Але, здавалася дасюль, народу супрацьстаіць кансалідаваная намэнклятура, аб’яднаная вакол уладара. І вось вылучэньне адразу Цапкалы і Бабарыкі сьведчыць пра тое, што ня толькі грамадзтва, але і частка кіроўнай эліты стамілася ад Лукашэнкі. Выглядае, што цяпер чыноўнікі перасталі баяцца так моцна, як раней.

«Засланыя казачкі»

Дракахруст: Віталь, наконт Цапкалы многія выказваюць меркаваньне, што ён «засланы казачок» Лукашэнкі. Ці ня спойлер ён дзейнага кіраўніка дзяржавы? Здаецца, адносна Бабарыкі такіх гіпотэзаў не ўзьнікае?
Цыганкоў: У выпадку Цапкалы падазрэньні ў тым, што ён можа быць часткай палітычнай гульні Лукашэнкі, вызначаныя ягонай біяграфіяй, тым, што ён быў у камандзе Лукашэнкі, тым, што ён не праяўляў ніякай палітычнай актыўнасьці раней. Бабарэка — зусім іншы выпадак. А адразу два «спойлеры» відавочна не патрэбныя. Зь іншага боку, за 26 гадоў панаваньня Лукашэнка, здаецца, даказаў, што тонкая палітычная гульня — не зусім ягоны стыль. Ён дзейнічае больш проста і надзейна — дубінкай па галаве, у лепшым выпадку проста не зарэгістраваць. Што да Бабарыкі, то ў ягоным выпадку наўрад ці будуць істотныя падазрэньні, што ён частка гульні ўладаў. Хутчэй яго будуць падазраваць у прарасейскасьці.

Па-першае, проста з прычыны назвы банку, які ён узначальваў — «Белгазпрамбанк». Слова «Газпром» аб’ектыўна будзе падштурхоўваць людзей да пэўных кансьпіралягічных тэорый. Зь іншага боку, гэта той адзіны беларускі банк, які праводзіў культурніцкія акцыі, закупляў карціны беларускіх мастакоў, што зусім незвычайна для беларускіх банкіраў. Адразу многім стала зразумела, што гэта нешта большае за дабрачынную дзейнасьць. А потым кіраўнік банку ўвогуле стаў вельмі яскравай публічнай фігурай, даваў глыбокія палітычныя інтэрвію. Таму вылучэньне Бабарыкі ў якасьці прэтэндэнта на прэзыдэнцтва сэнсацыяй якраз ня стала.

Хто кандыдат Расеі?

Дракахруст: Валер, вось цытата з інтэрвію Бабарыкі «Беларускім навінам»: «31-ю інтэграцыйную „дарожную мапу“ падпіша жыцьцё». І ў яго наступных інтэрвію былі рэвэрансы ў бок Расеі. Ня ў стылі шалёнага русапяцтва, а гэтак разважліва — ну не атрымалася ў нас збудаваць дзяржаву, не атрымалася збудаваць сваю эканоміку. І што нам застаецца? Калі казаць пра «русский мир», то ў эканамічным сэнсе «Газпром» — гэта яго квінтэсэнцыя. А Бабарыка кіраваў «Белгазпрамбанкам». І чаго вы чакаеце ад гэтага вылучэньня? Ён і ёсьць той самы «расейскі кандыдат», якога адны баяліся, а іншыя чакалі?

Карбалевіч: Я скептычна стаўлюся да такой вэрсіі, што Бабарыка — гэта кандыдат Расеі. Што тычыцца яго заявы, што жыцьцё прымусіць падпісаць «31-ю карту». Ён жа гэта казаў у кантэксьце таго, што Лукашэнка давёў сытуацыю ў краіне да такога стану, што Беларусь ня мае жыцьцяздольнай эканомікі і вымушана прасіць Маскву аб дапамозе, ісьці ёй на саступкі. Ён жа не казаў, што гэта добра, наадварот, крытыкаваў такую палітыку. Цяпер што тычыцца ягонай нядаўняй пасады — старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» — «дачкі» расейскага «Газпрамбанку». І з гэтага факту нібыта вынікае, што ён прарасейскі палітык.

Але хачу нагадаць вам такія факты. Папярэдняя пасада цяперашняга старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Паўла Калаўра была — старшыня праўленьня банку БелВЭБ. Гэта «дачка» расейскага банку. Ці можна на падставе гэтага лічыць яго прарасейскім палітыкам? Яшчэ прыклады. Нядаўні першы віце-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі да таго займаў пасаду старшыні праўленьня БПС-Сбербанку — «дачкі» расейскага банку. А цяпер ён старшыня праўленьня таго ж банку БелВЭБ. Падобная гісторыя з былой кіраўніцай Нацбанку Надзеяй Ермаковай. І такіх прыкладаў нямала.

Салодкі горкі хлеб кандыдата ў прэзыдэнты

Дракахруст: Віталь напісаў блог пра тое, што кандыдатаваць у прэзыдэнты ў Беларусі — гэта горкі хлеб. На што разьлічвае Віктар Бабарыка? Ён у сваім абвяшчэньні, што ідзе на выбары, напісаў, што выдатна разумее, у якой краіне жыве і чаго вартыя выбары ў сучаснай Беларусі. Калі ён гэта разумее, то навошта ідзе? Ён спадзяецца, што стане прэзыдэнтам?

Карбалевіч: Па-першае, магчыма, ён думае, што з нагоды ягонага кандыдацтва ў прэзыдэнты ў краіне пачнецца такі грамадзкі ўздым, які прымусіць выбарчую машыну лічыць галасы справядліва. Па-другое, думаю, Бабарыка — чалавек нябедны, ён забясьпечыў сабе прыстойнае існаваньне і пасьля выбараў, нават калі яго больш нікуды ня возьмуць на працу.

Па-трэцяе, магчыма, гэта спроба ўскочыць у апошні цягнік. Празь пяць гадоў, падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў, і Цапкалу, і Бабарыку будзе каля 60 гадоў. Будуць ужо немаладыя. А цяпер — самы спрыяльны ўзрост. Тым больш калі такі вялікі прыз на гарызонце, то можна і рызыкнуць. Нарэшце, жыцьцё з выбарамі не заканчваецца. Магчыма, іх удзел у кампаніі — гэта такі палітычны капітал, які яны паспрабуюць выкарыстаць далей.

Дракахруст: Віталь, і ваш адказ — навошта такія людзі, як Цапкала, як Бабарыка, ідуць на гэта?

Цыганкоў: Па-першае, людзі ня робаты, і ў іхніх учынках не заўсёды пануе толькі выключна рацыянальны матыў і пачатак. Не заўсёды ў іхніх кроках ёсьць дакладны разьлік, разуменьне, што зь іхніх дзеяньняў у выніку атрымаецца. Так што матывацыя можа быць ня толькі рацыянальная — авантурызм, рамантызм, жаданьне любым коштам увайсьці ў гісторыю.

Што да палітычнай матывацыі, то, сапраўды, ранейшыя выбары паказвалі, што кандыдацтва ў прэзыдэнты нярэдка станавілася для саміх кандыдатаў пэўным праклёнам — альбо заканчвалася турмой, альбо фактычна зьніжэньнем палітычнай ролі пасьля выбараў.

І чаму ж тады гэтулькі людзей ідзе на гэтыя выбары? Бо яны лічаць, што гэтым разам усё будзе па-іншаму. Што пасьля гэтых выбараў (на якіх яны не спадзяюцца перамагчы) іхняя палітычная будучыня пойдзе ўгару, і яны будуць актыўна і пасьля жніўня ўдзельнічаць у палітыцы. Магчыма, яны разьлічваюць, што адбудзецца канстытуцыйная рэформа, на якую намякаў Лукашэнка, і ў новых умовах будзе пашыраная роля парлямэнту, магчыма, будзе зьмененае выбарчае заканадаўства, будуць уведзеныя выбары па партыйных сьпісах.

Вымушаная прарасейскасьць

Дракахруст: Яшчэ пра «расейскі сьлед», але не ў прымітыўным сэнсе, што Расея на некага паставіла на беларускіх выбарах, а ў сэнсе дыспазыцыі гэтых выбараў, якая ўжо сфармавалася. З аднаго боку, гэта правал празаходняй правацэнтрысцкай кааліцыі, якая на праймэрыз паказала, на што яна здольная. З другога боку, Лукашэнка ўстаў на «нацыяналістычныя» рэйкі: у нас асобы шлях і ў барацьбе з каранавірусам, і ў эканоміцы, і Расея нам не настаўніца, а пагроза, «Першы канал» расейскага ТБ выгналі. Ён так сябе пазыцыянаваў. І апанэнтам застаецца гаварыць, што ў Расеі карантын усё ж ёсьць, а ў Беларусі — парад ды «псыхоз», што Расея нам у прынцыпе дапамагае, а Лукашэнку — ня хоча. І прарасейскім кандыдат робіцца з прычыны гэтай «мэтрыкі» выбарчага поля. Так не атрымаецца? Магчыма, з Бабарыкам, магчыма, з Цапкалам, магчыма, з Канапацкай?

Цыганкоў: Кандыдаты не абавязаныя дзейнічаць паводле прынцыпу Бродзкага, які нібыта сказаў: «Калі Еўтушэнка супраць калгасаў, тады я — за». Калі Лукашэнка цяпер мае праблемы з Расеяй, гэта не абавязвае ягоных супернікаў бегчы наперад у сваёй прарасейскасьці.

Можна, урэшце, змагацца зь ім на ягоным полі, зь ягонай рыторыкай. Можна і не забываць пра празаходнюю рыторыку, якую падзяляе значная частка нашых грамадзян, і гэтая ніша нікім не занятая пасьля правалу праймэрыз. Так што калі іншыя кандыдаты будуць выяўляць прарасейскую накіраванасьць — гэта будзе выключна іхнім рашэньнем (альбо сілаў, якія іх вылучылі), а не аб’ектыўнай непазьбежнасьцю.

Карбалевіч: Справа ў тым, што адносіны з Расеяй — гэта тая тэма, ад якой ня ўдасца адмахнуцца ніводнаму кандыдату. У іх павінен быць адказ, як яны зьбіраюцца будаваць адносіны з Расеяй. І самы лягічны адказ будзе такі: я здолею наладзіць добрасуседзкія, узаемавыгадныя адносіны з Расеяй лепш, чым Лукашэнка, прычым бяз сварак і скандалаў. Дарэчы, такі мэсыдж раней ня раз дасылалі розныя апазыцыйныя палітыкі. І такі адказ будзе цалкам зразуметы грамадзтвам.

Дракахруст: А расейскія СМІ будуць іх падтрымліваць?

Карбалевіч: Telegram-каналы будуць нападаць на Лукашэнку. Што тычыцца фэдэральных тэлеканалаў, то я ня думаю, што Крэмль будзе падчас гэтых выбараў ставіць задачу зрынуць Лукашэнку. Бо гэта рызыка падштурхнуць працэсы, якімі Масква ня зможа кіраваць. Лукашэнка — своеасаблівы, але зразумелы для Крамля кіраўнік. А ці ня можа атрымацца так, што пасьля перамогі на выбарах (фантастычная вэрсія) той жа Бабарыка ці Цапкала пачнуць яшчэ больш дыстанцыявацца ад Расеі, чым Лукашэнка? Вынік такой гульні можа аказацца зусім непрагназавальны. Гэта рызыкоўная гульня, у якую Крэмль гуляць ня будзе. Мяркую, справа абмяжуецца тым, што Масква трохі патроліць, панэрвуе Лукашэнку. І ня больш за тое.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG