Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекцыя пра космас, кіно пра сталінскі суд і канцэрт Palina. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні


Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Як не разгубіцца ў велізарнай колькасьці онлайн-актыўнасьцяў і правесьці час цікава і карысна? Сабралі для вас усё самае-самае на бліжэйшы тыдзень 11–17 траўня.

Убачыць беларускіх мастакоў ва ўсясьветна вядомых музэях

У Нью-Ёрскім музэі сучаснага мастацтва
У Нью-Ёрскім музэі сучаснага мастацтва

Карціну «Дзень нараджэньня» Марка Шагала можна паглядзець у Нью-Ёрскім музэі сучаснага мастацтва.

Вось што напісала пра гэты твор Шагалава жонка Бэла: «Ты мяне закруціў у віхуры фарбаў. І раптам адарваў ад зямлі і сам адштурхнуўся нагой, як быццам табе стала цесна ў маленькім пакойчыку... Выцягнуўся, падняўся і паплыў пад стольлю».

У тым жа музэі знаходзіцца і «Белае на белым» Казіміра Малевіча — супрэматычны квадрат, адна з самых знакамітых работ.

У калекцыі музэя — амаль 200 тысяч твораў сучаснага мастацтва, 86 тысяч зь якіх цяпер даступныя ў сетцы. Паглядзець на творы мастака можна на сайце музэю, а таксама праз праект Google Arts and Culture.

Таксама можна паглядзець карціны Хаіма Суціна ў Эрмітажы.

Пяцігадзіннае падарожжа пачынаецца тут:


«Ноч музэяў» онлайн

Нацыянальны гістарычны музэй і каманда фолк-рок опэры «Чарадзей» адаптавалі музычны спэктакль, які пакажуць 16 траўня на відэасэрвісе VOKA, а 21-й гадзіне.

«Разам з галоўнай гераіняй — багіняй Марай (салістка гурту „У нескладовае“ Кацярына Поцюс) — гледачы ў жывым эфіры адправяцца на пошукі Ўсяслава Чарадзея (саліст ансамбля „Купалінка“ Ўладзімер Сьцепанкоў), сустрэнуцца зь яго ўнучкай Эўфрасіньняй Полацкай, князем Мікалаем Радзівілам Чорным і іншымі знакавымі фігурамі. А пасьля онлайн-паказу опэры трансьляцыя працягнецца ўжо з дворыка Нацыянальнага гістарычнага музэю, дзе адбудзецца начны канцэрт», — сказана ў апісаньні падзеі.

Дзявяты праект «Мастак і горад» упершыню ў онлайне

«Сёлета „Мастак і горад“ прысьвечаны стагодзьдзю УНОВИСа. Усе мастакі, прадстаўленыя на выставе, зьяўляюцца пасьлядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча.

У экспазыцыі 32 працы, частка зь якіх напісана жывапісцамі творчага аб’яднаньня „Квадрат“, якое па праве можна назваць спадчыньнікам зацьвярджальнікаў новага мастацтва. „Квадрат“ у экспазыцыі прадстаўлены працамі Аляксандра Малея — заснавальніка аб’яднаньня, Мікалая Дундзіна, Віктара Шылкі, Аляксандра Дасужава, Аляксандра Сьлепава і Валерыя Чукіна», — гаворыцца ў прэс-рэлізе падзеі.

14 траўня праект распачнецца на онлайн-лякацыі — плошчы Якуба Коласа.

Пабачыць кубічныя канструкцыі з рэпрадукцыямі карцін у панарамным фармаце можна тут.

«Шпацыр па горадзе сонца» ад музэю Менску

Выйшла другая частка музэйнага сэрыялу.

У гледачоў ёсьць магчымасьць пазнаёміцца з архітэктурай Іосіфа Лангбарда ў творах беларускіх мастакоў: Віктара Варламава, Леаніда Шчамялёва, Анатоля Тычыны, Івана Мядзьведзева, Мая Данцыга і іншых.

Выстава Фэрдынанда Рушчыца

Фэрдынанд Рушчыц. Карціна "Nec mergitur"
Фэрдынанд Рушчыц. Карціна "Nec mergitur"

Нацыянальны мастацкі музэй знаёміць з жыцьцём і творчасьцю Фэрдынанда Рушчыца. Сёлета спаўняе 150 гадоў з дня нараджэньня мастака.

Тамсама можна паглядзець выставу «Прадчуваньне вясны: жанчыны і беларуская мастацкая кераміка ХХ стагодзьдзя».

Экскурсія па Ўсходніх могілках

Напярэдадні 9 траўня краязнаўца і экскурсавод Цімафей Акудовіч запісаў новае відэа пра Ўсходнія могілкі, на якіх пахавана шмат паважаных людзей, чый лёс так ці іначай быў зьвязаны з Другой усясьветнай вайной.

Паслухаць лекцыю пра Зямлю, акіян і космас

«Як людзі будуць дзяліць новыя прасторы? Ці застануцца прыдатнымі ў будучыні мэханізмы ўзаемадзеяньня дзяржаў, якія сфармаваліся ў XVII стагодзьдзі? Ці ёсьць альтэрнатывы „дзяржавацэнтрысцкаму“ асваеньню адкрытага мора і касьмічнай прасторы? Ці можа Ілан Маск прыватызаваць Марс?»

На гэтыя пытаньні паспрабуюць адказаць:

  • Кацярына Кузьняцова — юрыстка-міжнародніца, магістарка права, кіраўніца канцэнтрацыі «Гендэрныя дасьледаваньні» ў ECLAB;
  • Вольга Шпарага — філязофка, кандыдатка філязофскіх навук, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадзтва, этыка і палітыка» ў ECLAB;
  • Лідзія Міхеева — сацыёляг, кіраўніца праграмы Great Books у ECLAB.

Онлайн-лекцыя «Заселеныя прасторы: як людзі будуць дзяліць зямлю, акіян і космас» адбудзецца 12 траўня, а 19 гадзіне. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца тут.

Больш за 2500 рэдкіх і старадрукаваных дакумэнтаў даступныя онлайн

Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрыла доступ да лічбавых копій каштоўных дакумэнтаў.

«Сярод іх прадстаўленыя выданьні Францыска Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Сімяона Полацкага, Пятра Мсьціслаўца. Значную частку складаюць кніжныя зборы XVI–XVII стагодзьдзяў, выдадзеныя ў Вільні, Супрасьлі, Горадні, Кіеве.

Карыстальнікі маюць магчымасьць убачыць унікальныя кнігі вядомых беларускіх аўтараў — Максіма Гарэцкага, Алаізы Пашкевіч, Якуба Коласа, Янкі Купалы, надрукаваныя на пачатку ХХ стагодзьдзя. Сярод іх значнае месца займае зборнік паэзіі „Вянок“, асаблівая каштоўнасьць якога — у дарчым надпісе, зробленым рукой Максіма Багдановіча», — пішуць на сайце бібліятэкі.

Знайсьці неабходныя дакумэнты можна праз электронны каталёг.

Літаратурная сустрэча «Санаторый пад клепсыдрай»

Героем чацьвёртай сустрэчы стане Зьбігнеў Гэрбэрт.

«Як Гэрбэрт зрабіўся „прынцам паэтаў“ і чаму паўстала Ліга абароны польскай паэзіі ад Гэрбэрта?» — пра культавага польскага паэта раскажа Андрэй Хадановіч.

Сустрэча адбудзецца 12 траўня, а 17 гадзіне на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

Казачны спэктакль ад швэдзкай амбасады

У межах праекту «Швэдзкія казкі беларускім дзеткам» амбасада падзялілася спэктаклем «Дарожныя прыгоды Віты», створаным паводле кнігі «Віта Белая Крэска» Сары Лундбэрг.

Штодзённыя казкі ад Свабоднага тэатру

У межах кампаніі Love Over Virus штодзень акторы запісваюць цікавыя казкі для дзяцей і дарослых на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.

Таксама працягваюцца паказы спэктакляў. На бліжэйшых выходных можна ўбачыць:

  • 16 траўня — Price of Money (2014, рэжысэр Уладзімір Шчэрбань)
  • 17 траўня — Trash Cousin (2015, рэжысэр Мікалай Халезін)

Трансьляцыі адбываюцца тут і ў сацыяльных сетках.

А яшчэ кожную сераду і пятніцу можна займацца на онлайн-трэніроўках, якія праходзяць у інстаграме тэатру.

Паглядзець балет па Быкаву і опэру па Караткевічу

У адкрытым доступе зьявіліся:

Балет Яўгена Глебава «Альпійская баляда» паводле аповесьці Васіля Быкава ў запісе 1983 году.

Опэра Ўладзімера Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле твору Ўладзіміра Караткевіча ў запісе 1989 году.

Спэктакль «Профіт» ад РТБД

Упершыню прэм’ера спэктакля Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі пройдзе онлайн.

«Спэктакль „Профіт“ пастаўлены на беларускай мове паводле пʼесы Аляксандра Астроўскага „Даходнае месца“. Рэжысэрам-пастаноўшчыкам выступіў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандар Гарцуеў. Пʼеса прыкметна зьмянілася: некаторыя сцэны радыкальна пераробленыя, у дзеяньне ўведзены новы пэрсанаж, а самі падзеі разгортваюцца не ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, а на пачатку XXI-га.

Усё гэта толькі падкрэсьлівае вечную актуальнасьць пытаньняў, якімі ў свой час задаваўся Астроўскі, а сёньня — нашы сучасьнікі: куды коціцца гэты сьвет? Што ня так з сучасным грамадзтвам? І чым вымяраецца асоба — матэрыяльнымі дабротамі ці душэўным багацьцем?» — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Прэм’ерны паказ адбудзецца 12 траўня, а 19 гадзіне на пляцоўцы VOKA.

Тэатар юнага гледача

На бліжэйшым тыдні можна ўбачыць:

  • 11 траўня — «Ліса і вінаград» (Гільермэ Фігейрэду), старажытная байка
  • 12 траўня — «Зацюканы апостал» (Андрэй Макаёнак), сямейная гульня
  • 14 траўня — «Тэдзі» (Аляксандар Хромаў), сцэнічная гісторыя кібэрпанку

Усе трансьляцыі адбываюцца на Youtube-канале тэатру і даступныя з 18:00 у дзень паказу і на працягу сутак.

Рэтраспэктыва ад кінарэжысэра Сяргея Лазьніцы

Сяргей Лазьніца — адзін з самых выбітных рэжысэраў аўтарскага дакумэнтальнага кіно. Яго творы траплялі ў праграмы Вэнэцыі, Канаў, Бэрліна і маюць шматлікія ўзнагароды.

На гэтым тыдні ёсьць унікальная магчымасьць убачыць дзьве яго працы.

«День Победы»:

«Процесс»:

«У 1930 годзе ў Маскве быў зьняты адзін зь першых публічных працэсаў па справе аб дзяржаўнай здрадзе, арганізаваных Сталіным. Выкарыстоўваючы архіўны матэрыял і кадры, якія не ўвайшлі ў прапагандысцкі фільм, Сяргей Лазьніца паказаў судзілішча, дзе ўсе ўдзельнікі-акторы хлусяць самім сабе і ўсяму сьвету», — значыцца ў апісаньні.

12 траўня а 19 гадзіне на пляцоўцы Artist Gives выступіць сьпявачка Palina. Усе сабраныя грошы пойдуць на сродкі засьцярогі ад каранавірусу для настаўнікаў.

14 траўня а 19 гадзіне адбудзецца канцэрт постпанк-гурту Dlina Volny.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG