Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За фота каля дома БНР пачалі судзіць маладафронтаўцаў. Судзьдзя вядзе працэс у масцы


Актывіст «Маладога фронту» Максім Урбановіч у Маскоўскім раённым судзе, 7 траўня 2020 году
Актывіст «Маладога фронту» Максім Урбановіч у Маскоўскім раённым судзе, 7 траўня 2020 году

7 траўня ў Маскоўскім раённым судзе Менску пачаўся адміністрацыйны працэс над трыма актывістамі «Маладога фронту». 25 сакавіка яны ўсклалі кветкі ды сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам каля будынка на вуліцы Валадарскага, дзе ў 1918 годзе была абвешчана БНР.

У правядзеньні несанкцыянаванай акцыі вінавацяць старшыню «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, ягонага брата Максіма Ўрбановіча і актывіста Віталя Трыгубава. Судзіць актывістаў судзьдзя Тацяна Матыль.

Сёньня на суд з трох абвінавачаных прыйшоў толькі Максім Урбановіч. Актывіст паведаміў суду, чаму адсутнічае ягоны брат Дзяніс — той трапіў на самаізаляцыю як «кантакт» першага ўзроўню. Пасьля праверкі гэтых дадзеных судзьдзя Тацяна Матыль перанесла судовае паседжаньне на 15 траўня.

Як Дзяніс Урбановіч адбывае самаізаляцыю?

Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў Дзянісу Ўрбановічу і распытаў пра стан ягонага здароўя і тое, як праходзіць самаізаляцыя. Актывіст пацьвердзіў, што кантактаваў з чалавекам, у якога знайшлі каранавірус, і цяпер мусіць знаходзіцца дома. Прозьвішча захварэлага Дзяніс не назваў, але паведаміў, што гэта палітычны актывіст.

«Мая самаізаляцыя пачалася 1 траўня. Здаваў тэст на каранавірус, але дагэтуль вынік не паведамілі, званю ў паліклініку, адказваюць, што тэст яшчэ не гатовы. Правяраўся на рэнтгене — нібыта лёгкія нармальныя. Адчуваю сябе добра, тэмпэратуры няма», — падзяліўся Дзяніс Урбановіч.

Паводле актывіста, за тыдзень самаізаляцыі да яго ўжо некалькі разоў наведваліся з праверкамі міліцыянты. У падпісцы, якую зь яго ўзялі, ён папярэджаны пра адказнасьць за парушэньне рэжыму самаізаляцыі. З дому яму дазволена выходзіць толькі ў аптэку ці краму, але трэба браць чэк за пакупкі, каб быў доказ.

«Усе іншыя выхады на вуліцу могуць палічыць за парушэньне, пагражаюць нават крымінальнай адказнасьцю. Стараюся выконваць усе правілы», — сказаў старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Пра сёньняшні працэс у Маскоўскім раённым судзе Дзяніс Урбановіч зазначыў, што меркаванае адміністрацыйнае парушэньне адбылося больш за месяц таму, і з гэтай прычыны справу маглі ўвогуле закрыць, але чамусьці гэтага не адбылося. Аднак зьдзіўлены актывіст і тым, што суд ня вынес пастановы сёньня, а перанёс разгляд больш як на тыдзень.

«Упершыню ў маёй практыцы такое, каб суд улічыў прычыну маёй адсутнасьці і перанёс справу. Бо раней, калі трэба, дык судзілі і завочна, і прывозілі ў суд зьбітага пад канвоем — ні на што не глядзелі. Магчыма, проста яшчэ ня вызначыліся, як нас караць за акцыю на Дзень Волі», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Якія захады ў сувязі з пандэміяй каранавірусу прынятыя ў судзе?

Сёньня ў Маскоўскім раённым судзе карэспандэнт Свабоды пабачыў, што большасьць супрацоўнікаў суду носяць мэдычныя маскі. У тым ліку ў масцы была судзьдзя Тацяна Матыль.

«Акрамя гэтага, на бачных месцах паставілі сродкі дэзынфэкцыі. Наведнікі таксама карыстаюцца», — паведаміла Свабодзе памочнік старшыні суду Юлія Ўласень. Паводле Юліі Ўласень, сярод супрацоўнікаў Маскоўскага раённага суду захварэлых на каранавірус няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG