З хворымі на каранавірус у Менску цяпер працуюць 636 студэнтаў і інтэрнаў, сказаў у інтэрвію БелТА першы намесьнік старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Чараднічэнка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Дапамагаюць гарадзкім спэцыялістам 636 студэнтаў і навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і двух сталічных мэдычных каледжаў. У прыватнасьці, разам з старэйшымі калегамі ў лякарнях і паліклініках на ўласнае жаданьне працуюць санітаркамі і санітарамі 30 навучэнцаў каледжаў і студэнты 1–3 курсаў мэдунівэрсытэту. Студэнты 4–6 курсаў аказваюць дапамогу ў якасьці мэдсёстраў і мэдбратоў», — расказаў Дзьмітры Чараднічэнка.
Паводле яго, цяпер пацыентаў з каранавірусам лекуюць у:
- гарадзкой інфэкцыйнай клінічнай лякарні,
- 6-й гарадзкой клінічнай лякарні(тэрапэўтычны і траўматалягічны корпусы),
- 4-й гарадзкой клінічнай лякарні (тэрапэўтычны корпус),
- 10-й гарадзкой клінічнай лякарні ,
- 3-й гарадзкой клінічнай лякарні,
- Менскім гарадзкім клінічным анкалягічным дыспансэры (2 корпусы),
- гарадзкой гінэкалягічнай лякарні.
Пэўных пацыентаў, якія перанесьлі пнэўманію, пасьля далечваюць і рэабілітуюць у перапрафіляваных аддзяленьнях
- 11-й гарадзкой клінічнай лякарні ,
- Рэспубліканскай клінічнай лякарні мэдычнай рэабілітацыі «Аксакаўшчына»,
- Рэспубліканскім шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. Машэрава.
Для ўсіх мэдыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19 і хочуць засьцерагчы сваіх блізкіх, абмежаваўшы кантакты зь імі, Менгарвыканкам вылучыў два гатэлі — East Time і IT Time, цяпер там жывуць больш за 300 супрацоўнікаў мэдычных установаў, дадаў Чараднічэнка.