Вярхоўны суд ЗША ўпершыню разглядае аргумэнты па некалькіх справах у рэжыме тэлефоннай канфэрэнцыі і ўпершыню трансьлюе слуханьні ў жывым радыёэфіры.
Сярод разгляданых – справа аб падатковых дэклярацыях прэзыдэнта Дональда Трампа, які адмовіўся публікаваць зьвесткі аб сваіх падатках. Законам ЗША не прадугледжана абавязковае раскрыцьцё прэзыдэнтамі такіх зьвестак, аднак традыцыйна прэзыдэнты выконваюць гэтае нефармальнае правіла.
Вярхоўны суд рэдка зьвяртаецца да новых тэхналёгій. Напрыклад, аргумэнты бакоў дагэтуль не запісваюцца на відэа. А гукавыя трансьляцыі ніколі не вяліся ў рэжыме рэальнага часу. Гэтым разам, як адзначыла прадстаўніца Вярхоўнага суду, журналісты змогуць дзякуючы радыётрансьляцыі сачыць за тым, што адбываецца на пасяджэньні.
У сярэдзіне красавіка паведамлялася, што шэсьць пасяджэньняў суду прызначаны з 4 па 13 траўня.