Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсат» запусьціў інфармацыйны рэсурс для расейскамоўнай аўдыторыі

Група журналістаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны, а таксама зь іншых краінаў, заявіла пра ініцыятыву стварэньня новага інфармацыйнага праекту, накіраванага на расейскамоўную аўдыторыю. Ён працуе на базе тэлеканалу Белсат.

Свой зварот яны апублікавалі на вэб-старонцы, якая інтэграваная з вэб-старонкай «Белсату».

«Мы — гэта журналісты з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін рэгіёну, якія хочуць рабіць якаснае СМІ, інфармаваць чытача, тлумачыць складаныя працэсы простай мовай» — пішуць ініцыятары праекту і вызначаюць яго як «амбітны» і «трансьмежны».

Мэтай «уваходу ў расейскамоўную інфармацыйную прастору» ініцыятары вызначаюць як атрыманьне рускамоўнымі чытачамі «максымальна дакладнай і непрадузятай інфармацыі».

«Мы хочам, каб наш чытач мог адрозьніць бітву „крамлёўскіх вежаў“ ад настрояў звычайных расейцаў, разабрацца ў супрацьстаяньні ўкраінскіх алігархаў і палітыкаў, зразумець, як у Беларусі ўжываюцца застылая ў мінулым улада і людзі, якія стаміліся ад яе».

Ініцыятары пішуць, што пэўныя складанасьці ў рэалізацыю іх задумы ўнесла пандэмія, але яны ўжо маюць на тэлеканале «Белсат» праграму «Вот так» і прапануюць ацаніць новы праект.

«Абяцаем вам публікаваць толькі правераную і дакладную інфармацыю, якая вольная ад уплыву любых палітычных сілаў і рэклямадаўцаў» — завяршаюць свой зварот журналісты.

XS
SM
MD
LG