Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першамай будзе бяз шэсьцяў: каранавірус скасаваў гуляньні на сьвята працоўных 


Першамай афіцыйных прафсаюзаў, 2018 год

Ці не ўпершыню ў гісторыі і савецкай, і незалежнай Беларусі 1 траўня ня будзе шэсьцяў працоўных.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як сказалі Свабодзе ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі, арганізаваных калёнаў пад сьцягамі, як у мінулыя гады, сёлета ня будзе — ні ў Менску, ні ў іншых гарадах Беларусі. Сьвяткаваньне пераносіцца ў онлайн-фармат, паведамляецца на сайце фэдэрацыі.

ФПБ да гэтага дня зарганізавала шэраг праектаў. На сайце 1prof.by разьмесьцяць сьвяточныя фота розных гадоў і архіўныя матэрыялы журналістаў аб перадавіках працы ў розных сфэрах. У этэрах некалькіх радыёстанцыяў артысты беларускай эстрады падзеляцца ўспамінамі пра 1 траўня і прасьпяваюць песьні. Да онлайн-канцэртаў, арганізаваных у гонар 1 траўня, можна будзе далучыцца ўва ўсёй Беларусі.

Афіцыйныя прафсаюзы адмовіліся ад шэсьцяў, але правялі суботнік

Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці працоўных зь вітальным словам зьвярнуўся старшыня ФПБ Міхаіл Арда:

«Гэта сапраўды ўсеагульнае сьвята. Бо кожны з нас, незалежна ад узросту, прафэсіі, штодня працуе і ўкладвае свае сілы, веды і энэргію ў разьвіцьцё сваёй справы і нашай краіны ў цэлым. Мы разам, і ў гэтым наша сіла ў любых, нават самых складаных, сытуацыях».

Зрэшты, як удакладнілі ў штаб-кватэры ФПБ, гэта не выключае ініцыятываў на месцах. Так, у Горадні замест шэсьця гараджанам прапануюць сьвяточны тэлевізійны канцэрт, падрыхтаваны абласным аб’яднаньнем прафсаюзаў, філярмоніяй і мясцовым тэлеканалам. Яго запісалі загадзя і пакажуць увечары 1 траўня.

Тыдзень таму афіцыйныя прафсаюзы паўдзельнічалі ў мабілізацыі сяброў сваіх суполак на суботнік. Было заяўлена, што на працоўныя месцы выйшлі больш за 2 мільёны 300 тысяч чалавек, якія зарабілі для дзяржавы 8 мільёнаў рублёў.

Незалежным прафсаюзам заміналі ўлады, а цяпер і каранавірус

Незалежным прафсаюзам улады і раней не дазвалялі асабліва разгарнуцца з адзначэньнем сьвята 1 траўня, цяпер жа сытуацыя ўскладнілася каранавірусам.

«Упершыню за многія дзясяткі гадоў у сувязі з пандэміяй каранавірусу людзі працы па ўсім сьвеце ня выйдуць на вуліцы і плошчы, каб адзначыць сваё сьвята. Ня змогуць гэта зрабіць і сябры незалежных прафсаюзаў Беларусі. Але ня толькі ў сувязі з пандэміяй віруснай, але і пандэміяй палітычнай. Аўтарытарны рэжым даўно загнаў сваіх апанэнтаў у рэжым ізаляцыі», — гаворыцца ў заяве выканкаму Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Паводле лідэра БКДП Аляксандра Ярашука, незалежныя прафсаюзы з трывогай адзначаюць нарастаньне эканамічных праблемаў, выкліканых эпідэміяй, і патрабуюць ад уладаў прыняцьця праграмы неадкладных дзеяньняў дзеля захаваньня працоўных месцаў, падтрымкі працоўных і беспрацоўных.

«Наш першатравеньскі заклік да працоўных краіны — аб’яднаць намаганьні для абароны сваіх правоў, якія ў сувязі з крызісам яшчэ больш цярпяць; патрабаваць ад уладаў вырашэньня ўсіх сваіх надзённых патрэбаў і праблемаў. Аб’яднаўшыся і праяўляючы салідарнасць, мы ня толькі зможам перажыць цяжкія часы, але і зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага. Разам мы пераможам!» — падсумоўваюць незалежныя прафсаюзы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG